СУП “Дукора-Агра” — традыцыйны лідар у жывёлагадоўлі раёна.

Год 2017 галіне жывёлагадоўлі раёна прынёсплюс”. На 280 кілаграмаў  у параўнанні  з  2016 годам павялічыўся сярэдні надой малака ад каровы. Лідарам па гэтым вытворчым паказчыку традыцыйна з’яўляецца  СУП “Дукора-Агра” — 5744 кілаграмы. Мяжу ў пяць тысяч кілаграмаў пераадолелі таксама сельгасфіліялы “Чырвоны май” і “Дрычын”,  ААТ “Агра-Абярэг”.

Аператары машыннага даення ПСУ «Рудзенскае» Ірына Ніканорава і Алена Блашко.

Па вытворчасці малака першае месца займае ААТ “Голацк”. Сельгасарганізацыя “плюсуе” да мінулага года амаль 308 тон малака. Прыкметны скачок па гэтым паказчыку зрабілі таксама жывёлаводы ААТ “Зазерка” — плюс 731 тона і ААТ “Племянны завод “Індустрыя” — плюс 906 тон.

Сярэднясутачныя прывагі ў вазе буйной рагатай жывёлы на вырошчванні і адкорме склалі па раёне 539 грамаў  (у  2016 годзе — 482 грама). На перадавой пазіцыі ў раёне СУП “Дукора-Агра”. У гаспадарцы  сярэднясутачныя прывагі ў вазе складаюць 638 грамаў.  Таксама ў ліку лідараў ААТ “Агра-Абярэг” (610 грамаў), сельгасфіліял   “Дрычын”  (608  грамаў),  сельгасфіліял “Чырвоны май” (571 грам), ААТ “Голацк” (569 грамаў). З найбольшым плюсам спрацавалі ААТ “Пухавіцкі райаграсэрвіс”  (151 грам) і ААТ “Племянны завод “Індустрыя” (137 грамаў). Нягледзячы на гэтыя значныя крокі наперад, пакуль у гэтых гаспадарках сярэднясутачныя прывагі ніжэй сярэдняга ўзроўню   — 467 і 499 грамаў адпаведна.  Таму праца, накіраваная на паляпшэнне вытворчых паказчыкаў, працягваецца.

Амаль на 10425 тон (на 112,3  працэнта) па раёне  павялічылася вытворчасць буйной рагатай жывёлы.  У ААТ “Агра-Абярэг” гэты паказчык склаў амаль 705 тон, у ААТ “Голацк” — 558 тон, у ААТ “Зазерка” — 525 тон.  З “мінусам” спрацавалі сельгасфіліял “Светлая ніва” (166 тон, 95  працэнтаў да 2016 года) і ААТ “ПЗ “Індустрыя” (371 тона, 99 працэнтаў да 2016 года).  Сярод прадпрыемстваў прыватнай формы ўласнасці больш за ўсіх прадукцыі вырошчвання  жывёлы  атрымалі  ў  ТАА  “Ананічы” — амаль  3122 тоны (101,7  працэнта да 2016 года).  На ЗАТ “Свінакомплекс  “Пухавічы” гэты ж паказчык склаў 1460 тон (113,4 працэнта), ТАА “Грынпіс-Агра” — 556 тон (112,9 працэнта).  Дарэчы, ТАА “Ананічы” — лепшае  прадпрыемства  ў  раёне  па атрыманні сярэднясутачных прывагаў у вазе свіней — 710 грамаў (104,6 працэнта да 2016 года).

У гэтых  станоўчых  паказчыках  адлюстроўваецца старанная праца спецыялістаў   і  работнікаў гаспадарак. Фактары поспеху  ў  жывёлагадоўлі  ўсім   добра вядомыя. Гэта і якаснае кармленне жывёлы, забеспячэнне належных умоў яе ўтрымання, эфектыўная  племянная  работа.  На  іх  і  робяць стаўку ў гаспадарках, паляпшаючы існуючыя тэхналогіі.

Таксама тэрыторыі многіх ферм раёна часова ператварыліся ў будаўнічыя пляцоўкі. У мінулым годзе новыя памяшканні для ўтрымання жывёлы з’явіліся на фермах у ААТ “Зазерка”,  “Агра-Абярэг”,  “Вецярэвічы”,  “Ражджэственскае-агра”, “Голацк”,  СУП “Дукора-Агра”, ПСУ “Рудзенскае”, у сельгасфіліяле “Дрычын”.  У гэтым годзе да іх далучыцца яшчэ шэраг гаспадарак.

Па  інфармацыі  ўпраўлення сельскай  гаспадаркі і  харчавання  райвыканкама падрыхтавала Кацярына   ДАБРЫЦКАЯ. 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *