У гаспадарках раёна актыўна вядзецца рамонт тэхнікі.

 

У  гэтыя дні ў рамонтных майстэрнях гаспадарак раёна вядзецца актыўная падрыхтоўка да будучай пасяўной кампаніі. Нягледзячы на тое, што зараз палі заснежаныя, час прыспешвае ўсе інжынерныя службы. Яны добра ведаюць, наколькі пераменлівым можа быць надвор’е, таму сустракаць вясну трэба з поўнасцю гатовай да палявых работ тэхнікай. 

Каманда ЭБ «Зазер’е»: слесары Анатоль Карповіч, Юрый Сянчук і механізатар Мікалай Куліш.

Пытанні рамонту сельгасмашын кантралюе Пухавіцкая раённая інспекцыя Дзяржтэхнагляду. Спецыялісты інспекцыі сочаць за ходам рамонтных работ  і гатоўнасцю машынна-трактарных паркаў. На мінулым тыдні разам з дзяржаўным інжынерам-інспектарам Дзяржтэхнагляду Ягорам Ганчарыкам мы пабывалі на мехдварах некаторых гаспадарак.

Рамонтам тэхнікі займаюцца ўсе сельгасарганізацыі. Гэта на дадзены момант адно з асноўных пытанняў, якія стаяць на парадку дня, — гаворыць Ягор Ганчарык. — Разам з тым, гаспадаркі рыхтуюць сельгасмашыны да праходжання тэхагляду. Гэты экзамен чакае іх у лютым.

Упэўніцца ў словах дзяржаўнага інжынера-інспектара я змагла ў сельгасфіліяле “Светлая ніва”, куды мы выпадкова вырашылі заехаць. Камбінаваны агрэгат для падрыхтоўкі глебы ўжо чакае свайго чарговага сезона: ён цалкам адрамантаваны.

Цяпер слесары, механізатары і  спецыялісты інжынернай службы займаюцца рамонтам трактароў. Часовыя  перапынкі робяць таму, што вымушаны чакаць неабходныя запчасткі і дэталі. У сельгасфіліяле спадзяюцца, што хутка сітуацыя выправіцца, і цалкам падрыхтаваная тэхніка вясной своечасова накіруецца на палі.

Токар СУП «Дукора-Агра» Андрэй Гаўрыльчык.

На мехдвары СУП “Дукора-Агра” каля энерганасычанага трактара, да якога прычэплены агрэгат для падрыхтоўкі глебы, завіхаецца гаспадар тэхнікі Уладзімір Давыдзенка. З Уладзімірам Віктаравічам не раз даводзілася сустракацца на палях, віншаваць яго з працоўнымі перамогамі. Каб яны прадоўжыліся і сёлета, зімой трэба нямала папрацаваць.

— З рамонтам мне дапамагае цэлая каманда: токар Андрэй Гаўрыльчык,  зваршчык Аляксей Тубаеў, механізатар Юрый Шлык. Варта адзначыць інжынерную службу, якую часова ўзначальвае Вадзім Каляда, — расказвае Уладзімір Давыдзенка. — Сам рамонт чызеля займае літаральна паўтары тыдні, пры ўмове, што ёсць усе неабходныя запчасткі. Праца з гэтым агрэгатам на завяршаючым этапе. Трактар таксама амаль гатовы да праходжання тэхагляду.

У суседняй майстэрні  Ігар Шульжыцкі завяршаў рамонт сеялкі. Механізатар замяніў рабочыя органы ў дыскатары, сашнякі, падшыпнікі.  Андрэй Сачак, які  будзе працаваць з адрамантаванай сеялкай, зможа ацаніць працу свайго калегі на полі.

За рамонтам пасяўнога агрэгата мы засталі працоўную каманду ў ЭБ “Зазер’е”. Механізатару Мікалаю Кулішу дапамагалі  слесары Юрый Сянчук і Анатоль Карповіч. Мікалай Мікалаевіч зараз знаходзіцца ў адпачынку, аднак, нягледзячы на гэта, на некалькі гадзін прыходзіць на працу,  бо рамонт тэхнікі — справа адказная.

—  Прыемна, што чалавек так ставіцца да сваіх абавязкаў, — падкрэслівае галоўны інжынер Аляксандр Сямёнаў. — Амаль усе механізатары гэтымі днямі заняты на фермах, таму рамонтам займаюцца Юрый Сянчук і Анатоль Карповіч.  Гэтыя слесары — майстры на ўсе рукі. Важную задачу выконваюць таксама токар і зваршчык.

Адначасова ў ЭБ “Зазер’е” вядзецца рамонт плугоў, глебаапрацоўчых агрэгатаў. Па разліках інжынернай службы, і яны своечасова будуць падрыхтаваны да вясны.

Кацярына ДАБРЫЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *