У Борскім сельскім Доме культуры сустракалі каляду.

“Прыйшла  каляда  —   адчыняй  вароты!” —  так называлася  вечарына, якую  правялі  ў  Борскім сельскім Доме культуры яго работнікі сумесна з раённай  арганізацыяй грамадскага аб’яднання “Беларускае Таварыства Чырвонага Крыжа”. Удзельнікамі вечарыны сталі вяскоўцы і члены  валанцёрскага атрада “Сонейка”.

Арганізатары для ўдзельнікаў вечарыны падрыхтавалі нямала вясёлых забаў. Завіталі ў клуб каляднікі. А пасля ўсе гулялі ў старадаўнія гульні, назвы якіх зараз нават мала хто памятае: “Заёнцы”, “Чаўнок”, “Ката пячы”. Апошняя  асабліва  развесяліла ўдзельнікаў свята, бо кот у гульні незвычайны: зрабілі яго з буханкі хлеба, хвост і вушы — з каўбасы, лапкі — з сала. І тым, хто прымаў удзел у гульні, трэба было, праскакаўшы з кута на вілах, адкусіць ад імправізаванай жывёліны кавалак.  А кот не даваўся, з дапамогай вядучага  круціўся, прывязаны на доўгай вудзе… Можна сабе ўявіць, колькі смеху было! І апладысментаў тым, каму ўдалося адкусіць кавалак  хваста з каўбасы альбо лапку з сала.

Танцы  былі таксама старадаўнія. Усе яны —  са  скарбонкі  работнікаў  клуба, якія  беражліва збіраюць усё, што адносіцца  да  культурнай  спадчыны.

Завяршыў  святочную праграму канцэрт, удзельнікамі якога сталі сямейны ансамбль “Жывіца” Борскага сельскага Дома  культуры  і  валанцёры  атрада  “Сонейка”.

Гэта мерапрыемства стала лагічным працягам у шэрагу сумесных мерапрыемстваў  раённай арганізацыі ГА “Беларускае Таварыства Чырвонага Крыжа” і сямейнага ансамбля “Жывіца”. Іх супрацоўніцтва  — даўняе і трывалае. Можна сцвярджаць, што “Жывіца” ажыццяўляе валанцёрскую дзейнасць, падтрымліваючы ідэі адной з буйнейшых грамадскіх арганізацый раёна.

Наталля  ПАРХОМЧЫК.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *