Арганізацыя «Ветэраны фізічнай культуры і спорту» адзначыла дзесяцігадовы юбілей.

 

«Спорт — гэта жыццё…» Фраза, якая даўно ператварылася ў штамп, не згубіўшы пры гэтым сваёй актуальнасці і дакладнасці, — гэта не проста словы для кожнага члена раённай грамадскай  арганізацыі ветэранаў спорту. Для гэтых людзей спорт сапраўды з’яўляецца часткай жыцця, таму што быць актыўнымі нават пасля выхаду на заслужаны адпачынак —  абсалютная норма.

— Многія члены нашай арганізацыі, нягледзячы на наступленне пенсіённага ўзросту, яшчэ працягваюць працаваць у розных арганізацыях, — кажа работнік раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі і актыўны член ветэранскай спартыўнай арганізацыі Алена Ганчарык. — Але нават калі б нам не трэба было кожны  дзень спяшацца на працоўнае месца, я ўпэўнена, што ніхто з нашага асяроддзя не абраў бы для сябе сядзенне на лавачцы або ля тэлевізара. Мы прывыклі жыць актыўна, таму з радасцю ўдзельнічаем у спаборніцтвах і мерапрыемствах.

Грамадская арганізацыя «Ветэраны фізічнай культуры і спорту» днямі адзначыла свой дзесяцігадовы юбілей. Менавіта столькі прайшло часу ад моманту стварэння.

— Гэта была ініцыятыва Леаніда Страха, які працаваў тады начальнікам аддзела спорту і турызму райвыканкама, — гаворыць цяперашні старшыня арганізацыі Клаўдзія Блізнец. — Акрамя мяне, тады ў арганізацыю ўвайшлі Уладзімір Грыб, Віталій і Галіна Габрыялян, Людміла Юркевіч, Валерый Ажгірэй, Аляксандр Маісееў, Юрый Беразавік. Усе мы альбо працавалі ў сферы спорту, альбо былі спартсменамі ў мінулым.

Цяпер у арганізацыі налічваецца 46 чалавек, якія пражываюць у розных кутках раёна. І ні пра каго не хочацца гаварыць як пра спартсмена ў мінулым. Проста зараз настаў час іншых спаборніцтваў. Але дух першынства прысутнічае незалежна ад узросту.

— Мы можам ганарыцца тым, што мы не фармальная арганізацыя, — кажа Клаўдзія Блізнец. — І існуем не толькі для безумоўна важнай мэты — зносін. Мы прытрымліваемся здаровага ладу жыцця і праводзім раённую спартакіяду сярод ветэранаў спорту. Яна ў нас праходзіць як па настольным тэнісе, дартсе, шашках і шахматах, стральбе і більярдзе, якія ўключаны ў праграму абласной спартакіяды, так і па валейболе, футболе.  А яшчэ лыжы, хакей, марафоны… Больш за тое, мы арганізуем спаборніцтвы не толькі для саміх сябе: Віталій Габрыялян, напрыклад, ужо больш за 10 гадоў праводзіць для дзяцей шашачны турнір «Лістапад», які стаў міжнародным.

Ветэраны спорту прымаюць удзел і ў рэспубліканскіх, і ў міжнародных стартах. Аматары скандынаўскай хадзьбы, да прыкладу, заваявалі не адну ўзнагароду.

Хаця галоўнае для ўсіх ветэранаў спорту, вядома, не ўзнагароды, а проста добрае самаадчуванне, цёплыя сяброўскія зносіны, сумеснае правядзенне часу, цудоўны настрой і пачуццё ўпэўненасці ў тым, што ты не адзінокі.

Алена  ШАНТЫКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *