Пухавіччане адзначылі цудоўнае свята — Масленіцу.

Ці былі ў вашым горадзе, вёсцы, на вашай вуліцы шумныя народныя гулянні з конкурсамі і забаўляльнымі праграмамі? Ці былі гарачыя блінцы на любы густ? А ці згарэла  пудзіла Зімы? Калі ўсё гэта было, значыць, вы сапраўды адзначылі цудоўнае свята — Масленіцу, якая ў гэтым годзе супала з выбарамі ў мясцовыя Саветы дэпутатаў. Таму на многіх выбарчых участках рыхтавалі ў якасці падарунка для выбаршчыкаў менавіта масленічную забаўляльную і канцэртную праграмы.

Але асноўныя гулянні, вядома, разгарнуліся ў цэнтры горада. І выбаршчыкі, і выпадковыя прахожыя адгукаліся на заклікі скамарохаў і з задавальненнем не толькі назіралі, але і ўдзельнічалі ў конкурсах, атрымліваючы і добры настрой, і прызы.

Хтосьці выпрабаваў свае сілы ў баях з падушкамі на бервяне (падушка, дарэчы, «здалася» першай), хтосьці —у перацягванні ліны. А самыя спрытныя, безумоўна, чакалі галоўнага выпрабавання — заваявання слупа. Ён паддаецца тым, хто правільна рыхтуецца да конкурсу і не баіцца холаду: у адзежы на гладкі слуп забрацца можна толькі тэарэтычна. І смельчакі знайшліся! Слуп скарыўся літаральна з першай спробы.

Для тых, хто аддаў перавагу толькі назіранню за святам, была арганізавана работа гандлёвых радоў і катанне на санях.

Кульмінацыяй свята стала спальванне пудзіла зімы.

Алена Шантыка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *