Словы падзякі прагучалі ў адрас усяго калектыву

Калектыў жывёлаводаў СУП “Дукора-Агра”: Юлія Страх, Людміла Загальская, Марыя Федарынчык, Наталля Лучанкова, Ала Раманоўская.

Рэспубліканская прафсаюзная акцыя “Наш жывёлавод” выйшла  на фінішны адрэзак. У спісе старшыні райкама прафсаюза работнікаў АПК Людмілы Ленкавец  засталіся лічаныя  гаспадаркі, якія запланавана наведаць у бліжэйшы час. Напярэдадні галоўнага свята вясны падарункі атрымалі жывёлаводы ААТ “Вецярэвічы”,  “Шацк” і СУП “Дукора-Агра”.

У ААТ “Вецярэвічы”  ўзнагароджанне прайшло на ДМБ “Ямнае”.  Словы падзякі прагучалі ў адрас усяго калектыву. Памятныя падарункі атрымалі  галоўны  ветурач   Надзея Сячко, жывёлаводы Вікторыя Сідлерава і Вольга Клястова, аператар машыннага даення Вольга Логінава, слесар Фёдар Прымак, тэхнік-асемянатар Святлана Радзюк, загадчыца ДМБ Наталля Меркуль.

У гэтай сельгасарганізацыі да акцыі далучылася вялікая каманда жывёлаводаў. Старшыня прафкама гаспадаркі Вольга Тарасевіч   павіншавала  лепшых работнікаў  на  малочнатаварных  фермах “Вецярэвічы”, “Зорка”,  “Антанова”,   “Селецк”.

У ААТ “Шацк” Людміла Ленкавец  завітала на МТФ “Лявонавічы”. Невялікім саставам, нібы па-сямейнаму, жывёлаводы сабраліся ў кабінете загадчыцы фермы. Прафсаюзны лідар уручыла падарункі аператару машыннага даення Наталлі Качан і жывёлаводам Мікалаю Міхалковічу, Наталлі Янушэвіч і Валерыю Мізюра.

— Гэта адказныя і старанныя работнікі, — гаворыць пра свой калектыў загадчыца фермы Алена Карнейчык. — Нашы даяркі і цялятніцы, як бы ні было цяжка, не наракаюць на працу і часта не лічацца з асабістым часам.  Гэтыя людзі даўно працуюць у гаспадарцы, таму ў іх і такія адносіны да выбранай справы.

Старшыня прафкама гаспадаркі Леанід Алізар падтрымаў прыемную эстафету і павіншаваў аператараў машыннага даення МТФ “Міхалевічы” Ірыну Пекарчык    і   Анжэлу    Ладуцька.

У СУП “Дукора-Агра” да віншавання лепшых работнікаў жывёлагадоўлі далучылася начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Кацярына Касмольская. Віншаванне адбылося на МТК “Харавічы” і пачалося з прыемнай навіны для  аператара па вырошчванні цялят да 6-месячнага ўзросту Алы Раманоўскай. Ала Уладзіміраўна заняла другое месца ў раённым спаборніцтве за дасягненне найлепшых  вынікаў у жывёлагадоўлі. Людміла Ленкавец уручыла жанчыне грашовую прэмію ад райвыканкама. За высокія вытворчыя паказчыкі і  прафесійнае майстэрства  Ала Раманоўская  таксама  адзначана падзякай і падарункам у рамках акцыі “Наш жывёлавод”. У ліку лепшых быў адзначаны жывёлавод Уладзімір Шамко. Сярэднясутачныя прывагі ў вазе ў яго групе складаюць 737 грамаў.

Старшыні прафкама сельгасарганізацыі Ірыне Крупскай удалося пера-тварыць цырымонію ўзнагароджання ў невялікую святочную праграму. Лепшых работнікаў ферм вызначалі ў некалькіх намінацыях. Разам са звыклай намінацыяй “Лепшы аператар машыннага даення” Ірына Васільеўна ўзнагародзіла самых добрых жывёлаводаў, самых актыўных на фермах і ад-значыла дынастыі  жывёлаводаў.

Дарэчы, СУП “Дукора-Агра” багатае на такія дынастыі. Многія дзеці працягваюць бацькоўскую справу.  Юлія Страх — пераможца ў  намінацыі “Лепшы аператар машыннага даення”. Сярэдні  надой на карову ў яе групе складае 6642 кіла-грама. Юлія Аляксандраўна прыйшла на ферму  па прыкладзе маці.  Бацькоў-скую справу працягваюць  тэхнік-асемянатар Наталля Лучанкова, Арцём Ялоўскі і іншыя. Дарэчы, маці  Арцёма, Ірына Ялоўская, названа самым добрым жывёлаводам.

Гучныя апладысменты ад калег прагучалі ў адрас Аляксандра Федарынчыка, Галіны Куніцкай, Марыі Кардаш,  Уладзіміра Радзішэўскага  і Уладзіміра Іванчанкі, якія па праву лічацца старэйшымі работнікамі гаспадаркі. Самымі актыўнымі   на  фермах  сталі   Сяргей  Чыкун,   Любоў  Галт  і   Сяргей   Зяневіч.

Аператар машыннага даення     Людміла   Загальская адзначана спецыяльным падарункам як   шматдзетная   мама.   Жанчына  выхоўвае 5 дзяцей.

Усяго падарункі атрымалі больш  за  трыццаць работнікаў  гаспадаркі.

Кацярына  ДАБРЫЦКАЯ.                  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *