Наш раён наведала ўкраінская дэлегацыя

Наталля Папко і Маргарыта Кучар.

Ужо стала добрай традыцыяй  у нашым раёне адзначаць дзень нараджэння Лесі Украінкі — выдатнай  украінскай паэткі і грамадскага дзеяча. Існуе думка, што яна бывала ў Блоні, якая напачатку мінулага стагоддзя належала сям’і Бонч-Асмалоўскіх. Сёння  ў  былым  сядзібным доме размясціўся  раённы краязнаўчы музей, дзе ёсць дакументы, якія сведчаць аб знаёмстве Лесі Украінкі з Варварай Бонч-Асмалоўскай. На Пухавіччыне памятаюць аб гэтым.  Таму штогод   да нас прыязджаюць прадстаўнікі пасольства Украіны ў Рэспубліцы Беларусь, каб разам адзначыць дзень  нараджэння  выдатнай  паэткі.

Іван Башняк з удзельнікамі вечарыны.

У гэтым годзе дэлегацыю ўкраінскіх гасцей узначаліў першы сакратар  пасольства Украіны ў Беларусі Іван Башняк. У склад дэлегацыі  таксама ўвайшлі старшыня Беларускага  грамадскага  аб’яднання  ўкраінцаў «Ватра» Віктар Гуткоўскі, прадстаўнікі  творчага аб’яднання  «Крыніца» Маргарыта Кучар і Наталля Папко.

Украінская дэлегацыя наведала мастацкую галерэю раённага краязнаўчага музея, дзе адкрылася выстава, прысвечаная Лесі Украінцы. Тут  адбылася сустрэча з работнікамі культуры і членамі  раённай ветэранскай арганізацыі. Затым гасцей прымалі ў сярэдняй школе №2 горада Мар’іна Горка. Вучні разам з настаўнікамі падрыхтавалі літаратурную гадзіну, прысвечаную жыццю і творчасці  Лесі Украінкі. На мерапрыемстве гучалі вершы паэткі на ўкраінскай, беларускай і рускай мовах.

— Леся хацела, каб у свеце, дзе яна жыла, людзі былі роўныя і шчаслівыя, народы мелі права на сваю волю і праўду, — падкрэсліў Іван   Башняк, звяртаючыся да школьнікаў і педагогаў. — Леся Украінка належыць многім народам, як і вялікія беларускія   паэты   Янка   Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч. Іх погляды  шмат  у  чым  пераклікаюцца.

У сваім выступленні дыпламат падкрэсліў, што ў украінцаў больш блізкага народа, чым беларусы, няма.

Ён таксама адзначыў, што прадстаўнікам Украіны вельмі прыемна, што ў нашым раёне памятаюць аб Лесі Украінцы. А пачуўшы, як Паліна Аўсянік выконвае песні на ўкраінскай мове на словы вялікай паэткі, выказаў пажаданне ўбачыць яе ў ліку пераможцаў украінскіх песенных конкурсаў.

Наталля ПАРХОМЧЫК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *