У Мар’інагорскім аграрна-тэхнічным каледжы адбыліся мерапрыемствы да 75-годдзя хатынскай трагедыі

Памятная дата 22 сакавіка носіць сумны характар.  У гэты  дзень 75 год назад адбылася хатынская трагедыя.  З нагоды гэтай  даты ў Мар’інагорскім аграрна-тэхнічным каледжы  праведзены мерапрыемствы ў рамках патрыятычнай дэкады  “З памяццю ў сэрцы…”.

На працягу дня ў фае галоўнага корпуса дэманстраваліся дакументальныя фільмы, відэаролікі, прэзентацыі, прысвечаныя трагедыі спаленых вёсак. Гучалі песні ў выкананні ансабля “Песняры”, таксама прысвечаныя хатынскай трагедыі. У фае вучэбных карпусоў былі размешчаны тэматычныя малюнкі і плакаты “Званы Хатыні”, падрыхтаваныя навучэнцамі першага і другога курсаў.

Супрацоўнікі бібліятэкі падрыхтавалі кніжную выставу “75 год трагедыі Хатыні”. А кожны чытач у гэты дзень атрымоўваў разам з новымі кнігамі закладку з надрукаванай вершаванай  паэмай пухавіцкай партызанкі Яніны Крайнік  “Голас з Беразянкі”.

Выхаваўчыя гадзіны ва ўсіх вучэбных групах пачыналіся з хвіліны маўчання. Куратары расказвалі навучэнцам  пра вёскі Пухавіцкага раёна, якія раздзялілі трагічны лёс Хатыні, а самі навучэнцы падрыхтавалі матэрыял пра падобныя трагедыі ў тых рэгіёнах, адкуль яны прыехалі вучыцца.

На дадатковых занятках па беларускай літаратуры навучэнцы ўзгадвалі творы беларускіх пісьменнікаў, прысвечаныя гэтым жудасным падзеям: вершы Ул.Гайдука, С.Законнікава, апавяданне Я.Брыля “Mementomori”, дакументальную трагедыю А.Адамовіча, Я.Брыля, Ул.Калесніка “Я з вогненнай вёскі…”.

Калі навучэнка першага курса Васіліна Івінская чытала вершаваны твор Яніны Крайнік “Голас з Беразянкі”, які раскразвае “што зрабіў з ёй [Беразянкай] чужынец-дзікар”, у вачах дзяўчынкі стаялі слёзы, а аднагрупнікі слухалі, затаіўшы дыханне.

Увечары для навучанцаў, якія жывуць у інтэрнатах каледжа, быў арганізаваны прагляд мастацкага фільма “Ідзі і глядзі”, знятага ў жанры ваеннай драмы па сцэнарыю беларускага празаіка Алеся Адамовіча.

Усе мерапрыемствы былі  накіраваныя на тое, каб падрастаючае пакаленне не проста ведала сумныя старонкі гісторыі, але і ніколі не забывала  пра тых людзей, якія ва ўсенародным змаганні засталіся адданымі сваёй Радзіме, якіх фашысты змаглі толькі забіць, але не ператварыць у нявольнікаў.

Алена Свірыдава,

выкладчык Мар’інагорскага аграрна-тэхнічнага каледжа.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *