У ААТ «Агра-абярэг» прыступілі да падкормкі шматгадовых траў і пашаў
Сакавік сёлета не спяшаецца радаваць нас сонечнымі днямі. Сапраўднага вясновага надвор’я асабліва чакаюць земляробы, бо старт пасяўной кампаніі залежыць ад “нябеснай канцылярыі”.
Разам з тым на палях ужо працуе сельскагаспадарчая тэхніка. Большасць гаспадарак вядуць падсеў шматгадовых траў.
ААТ “Агра-Абярэг” першым у раёне справілася са сваім планам у 400 гектараў яшчэ напрыканцы мінулага тыдня. У панядзелак земляробы прыступілі да наступнага віду палявых работ — падкормкі шматгадовых траў і пашаў.
— Вясна сёлета позняя, аднак хутка мы ўвойдзем у звыклы працоўны рытм, — гаворыць галоўны аграном гаспадаркі Раіса Есімчык. — Шматгадовыя травы ўжо падсеялі. Работу вялі Анатоль Савіч і Уладзімір Асіпук. Бабовыя культуры мы падсявалі ў мерзлую глебу — “па чарапку”, як кажуць у народзе. Шматгадовая практыка паказвае, што для нашых палёў гэта самае правільнае рашэнне.
Цяпер сейбіты прычапілі да сваіх трактароў агрэгаты для ўнясення мінеральных удабрэнняў. Да гэтай жа справы далучыўся Мікалай Паўлоўскі.
— Якасныя ўдабрэнні — адзін з гарантаў высокага ўраджаю. Мінеральнымі мы забяспечаны на 70 працэнтаў, — працягвае галоўны аграном. — Пакуль механізатары ўносяць калійныя ўдабрэнні.
Арганічнага ўгнаення ў гаспадарцы нарыхтавана 25 тысяч тон. Працягваецца вываз арганікі на палі. Штодзень Віктар Граблюк, Аляксандр Верасовіч, Аляксандр Ладуцька, Уладзімір Рунец і Мікалай Ляпёшка робяць па некалькі рэйсаў з ферм на палі.
У ААТ “Агра-Абярэг” адна з самых вялікіх пасяўных плошчаў у раёне. Земляробам гаспадаркі трэба будзе пасеяць 1050 гектараў яравых збожжавых і зернебабовых культур. Пасля наступіць чарга кукурузы — 700 гектараў і цукровых буракоў — 200 гектараў.
Тэхніка, якая будзе задзейнічана на сяўбе, чакае свайго выхаду на поле. З насеннем таксама праблем няма: усю неабходную эліту дакупяць у бліжэйшыя дні. Пратручвальнік насення гатовы да работы, прэпараты ўжо набылі. Работнікі прайшлі медкамісію і атрымалі допуск да працы з хімічнымі прэпаратамі.
Усе неабходныя дакументы атрымала і сталовая гаспадаркі. Пакуль тут харчуецца няшмат людзей, аднак такое зацішша — з’ява часовая. Падчас сяўбы работнікі сталовай будуць дастаўляць на палі каля сотні абедаў і падвячоркаў.
Кацярына ВЕРНІКОЎСКАЯ.