Наш край в новой энциклопедии

У сярэдзіне 1980-х гадоў шырокі рэзананс у чытачоў, якія цікавяцца гісторыяй Беларусі, выклікала “Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі”. Прайшло болей як два дзесяцігоддзі. На паліцы кнігарняў, у бібліятэкі прыйшоў першы том энцыклапедыі “Культура Беларусі”. Пад адной вокладкай аб’яднаны артыкулы на літары “А” і “Б”. Завяршае том персаналія, прысвечаная славутаму рускаму паэту Аляксандру Блоку, яго повязям з Беларуссю, уплывам яго творчасці на беларускую паэзію. Некаторыя старонкі прысвечаны ўраджэнцам Пухавіччыны, знакамітым асобам, якія так ці іначай звязаны з нашым краем, яго гісторыяй.

Пухавіцкім краязнаўцам не лішне звярнуць увагу на постаць Алесі Александровіч (Аляксандры Іванаўны), роднай сястры паэта Андрэя Александровіча. Нарадзілася яна 12 ліпеня 1904 года ў Мінску, памерла 25 жніўня 1947 года. У 1920 годзе прымала ўдзел у рабоце клуба беларускай мастацкай інтэлігенцыі. З 1920 — у Беларускім дзяржаўным тэатры. Сябравала з нашым земляком — паэтам з Рудзеншчыны Міхасём Чаротам. Алеся Александровіч — першая выканаўца ролі Алесі ў музычнай драме М. Чарота “На Купалле”.

Пададзены ў першым томе “Культуры Беларусі” артыкулы пра балетмайстра Канстанціна Андрэевіча Алексютовіча (1884-1943), які нарадзіўся ў вёсцы Бахаравічы, і яго дачку Ларысу Канстанцінаўну Алексютовіч, танцаўшчыцу, балетмайстра, педагога, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі. Дарэчы, дачка паспела напісаць і выдаць кнігу пра бацьку — “Балетмайстар Канстанцін Алексютовіч: жыццё і творчы шлях” (1984).

З цікавасцю чытаецца артыкул мастацтвазнаўцы Н.М. Усавай пра беларускага графіка Аркадзя Антонавіча Астаповіча (1896-1941). Вось што, у прыватнасці, згадваецца ў энцыклапедычным расповедзе пра выпускніка Рысавальнай школы таварыства заахвочвання мастацтваў у Петраградзе: “На радзіме бацькоў у в. Навасёлкі Пухавіцкага раёна на будынку школы, у якой ён (Аркадзь Астаповіч) выкладаў, устаноўлена памятная дошка”. Дарэчы, у наступным годзе спаўняецца 115 гадоў з дня нараджэння таленавітага мастака. Чым не нагода наладзіць адпаведныя ўрачыстасці, а, мо, і адмысловы мастацкі пленэр на Пухавіччыне?..

Асобна вылучана біяграфія ўраджэнкі вёскі Дукора Таццяны Андрэеўны Бандарчык (1902-1974), актрысы, якая яшчэ ў 1926 годзе закончыла Беларускую драматычную студыю ў Маскве. Стварыла галерэю вобразаў простых жанчын у спектаклях розных тэатраў: Ганка (аднайменная п’еса У. Галубка), Паланея (“Прымакі” Я. Купалы), Аўдоцця (“Пяюць жаваронкі” К. Крапівы) і іншыя.

Расказвае “Культура Беларусі” і пра паэта Алеся Бачылу (1918-1963), ураджэнца вёскі Лешніца Пухавіцкага раёна.

“Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”, якая з’яўляецца выдаўцом новай энцыклапедыі, абяцае, што кожны год да чытача будзе прыходзіць па адным томе “Культуры Беларусі”. Будзем чакаць і спадзявацца, што колькасць “пухавіцкіх” старонак у гэтым выданні будзе шматкрат множыцца.

Алесь

КАРЛЮКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *