На “Славянскім базары” Беларусь прадставіць Яўген Курчыч

Фото Юрия Мозолевского.

Самай галоўнай падзеяй фестывалю “Славянскі  базар у  Віцебску”, безумоўна, з’яўляецца штогадовы конкурс маладых выканаўцаў. Але не ўсе ведаюць, што адразу пасля заканчэння конкурсу пачынаецца маштабная падрыхтоўка да новага фестывалю. Адборы спевакоў праходзяць у кожным раёне і горадзе і складаюцца з трох этапаў. Пляцоўка  Маладзёжнага тэатра эстрады ў Мінску прыняла  фінальны этап адбору, дзе ў першай палове дня за перамогу змагалася 10 дзяцей узростам да 12 гадоў, а вечарам  выступалі  10  маладых  выканаўцаў ад 18 да 31 года.

Першай песняй удзельнікі конкурсу выканалі творы беларускіх аўтараў, сярод якіх былі агульнавядомыя “Чырвоная ружа”, “Рэха жураўлінае”, “Княжна”, “Нарач”, “Спі, малы сакол”. А падчас выканання другой песні — сусветна вядомага хіта — склалася адчуванне прысутнасці замежных спевакоў: настолькі бездакорным было захаванне музычнага стылю і вымаўленне.

У дзіцячым адборы сярод удзельнікаў з усіх рэгіёнаў краіны быў выбраны  дванаццацігадовы Арцём Скароль з горада Ашмяны.

Сярод  моладзі  журы   адзначыла мінчаніна Яўгена Курчыча, які атрымаў 179 балаў з 180 магчымых. Менавіта ён у гэтым годзе  прадставіць Беларусь на “Славянскім базары”. Першым нумарам Яўген выканаў твор “Крык  птушкі”, напісаны  35  гадоў  таму   Уладзімірам  Мулявіным на словы Юрыя Рыбчынскага. Песня стала сімвалам беларускай эстрады і ўжо неаднаразова выконвалася на віцебскай сцэне. Другі нумар Яўгена — хіт “The best ” Майка Чапмана і Холі Найт.  Канкурсант прадэманстраваў экспрэсію выканання  і  адначасова  роўны і моцны голас.

Яўген Курчыч нарадзіўся ў Слуцку. Ён  выпускнік Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў і Дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, пераможца тэлешоу “Акадэмія  талентаў” і ўдзельнік фінальнага этапу Нацыянальнага адбору на  Еўрабачанне-2018. Артыст  паважае і любіць кожнага свайго слухача.  Спецыяльна для “Пухавіцкіх навін” выканаўца падзяліўся сваімі ўражаннямі ад адбору. Ён прызнаўся, што патрапіць на  “Славянскі базар у Віцебску” — галоўная мэта, да якой  ішоў апошнія некалькі гадоў. Ён шмат працаваў, вучыўся, аб’ездзіў усю нашу краіну разам з тэатрам песні Ірыны Дарафеевай.

Яўген любіць творчасць нашага земляка  Ігара Лучанка. Яскравай падзеяй у  жыцці  стала падзяка кампазітара за выкананне песні “Журавы на Палессе ляцяць”.

Спявак прызнаўся, што выступаў  з  канцэртамі  ў  раённым  цэнтры  культуры:

— Мар’іна Горка — невялікі прыгожы горад. Шмат разоў тут бываў, і, спадзяюся, у  бліжэйшы час сустрэнемся зноў.

Пажадаем Яўгену дасягнуць Віцебскага алімпу і будзем чакаць з гастролямі  ў Мар’інай Горцы.

Ягор  ЖЫЛУК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *