Адбылася сустрэча з прафесіяналамі

Гадоў дзесяць таму мала хто чуў пра існаванне жаночага футбола ў Беларусі. Зараз  дзіцячыя секцыі па футболе становяцца папулярнымі сярод дзяўчат. Дзяўчынкі-пухавіччанкі ўжо  даволі паспяхова выступаюць на розных спаборніцтвах. І напэўна кожная з тых, хто гуляе ў раённай камандзе, марыць пра тое, каб выступаць за жаночы футбольны клуб «Мінск», які з’яўляецца неаднаразовым і дзеючым чэмпіёнам Беларусі.

Гульцы гэтага клуба нядаўна сталі гасцямі спартыўнага цэнтра «Вікторыя», дзе сустрэліся з юнымі футбалісткамі Мар’інагорскай СДЮШАР, вучнямі некаторых гарадскіх навучальных устаноў.

Сустрэча пачалася з прэс-канферэнцыі, падчас якой дзеці задавалі пытанні спартсменам і іх трэнерам. Пытанні, безумоўна, датычыліся футбола і асабістай футбольнай гісторыі кожнай дзяўчыны. А замежных гульцоў пыталіся пра жыццё ў Беларусі. У адказ пачулі толькі добрыя словы.

З гутаркі ўдалося даведацца, што футбалісткі ФК «Мінск» у мінулым годзе прайшлі групавы турнір у Лізе чэмпіёнаў і патрапілі ў 1/16 фіналу. Гэта пакуль самае вялікае дасягненне каманды. У планах — прайсці ў 1/8 фіналу. Зрабіць гэта няпроста, таму што ў еўрапейскіх краінах жаночы футбол мае моцныя традыцыі.

Пасля прэс-канферэнцыі госці правялі з жадаючымі размінку і згулялі некалькі таймаў са сфарміраванымі тут жа камандамі. Лепшым гульцам ўручылі на памяць футболкі з лагатыпам клуба.

Сустрэча аказалася не толькі цікавай для дзяцей, але і карыснай, таму што шанец пагуляць з прафесіяналамі выпадае не кожны дзень.

Алена ІВАНОВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *