Правялі маніторынг мехдвароў

Пытанні аховы працы знаходзяцца на пастаянным контролі прафсаюзаў. Сёлета гатоўнасць сельгасарганізацый да вясеннепалявых работ правярала тэхнічная інспекцыя працы Федэрацыі прафсаюзаў БеларусіРэйдавыя групы тэхнічных інспектараў АПК працавалі ў розных абласцях і раёнах. На гэтым тыдні галоўны тэхнічны інспектар працы Гомельскай абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК Сцяпан  Петрушэнка (на здымку) наведаў  гаспадаркі  нашага раёна.

Праводзіць маніторынг мехдвароў разам за Сцяпанам Аляксеевічам накіраваліся старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Людміла Ленкавец і  начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама  Кацярына Касмольская.Паглядзець,  як  наладжана прафсаюзная і ідэалагічная работа ў калектывах, лішнім не  будзе, тым больш, прафсаюзныя лідары і ідэалагічныя работнікі штодзень падводзяць вынікі спаборніцтваў на вясенне-палявых работах.

Тэхнічны інспектар працы наведаў СУП “Дукора-Агра”,   адкрытыя акцыянерныя таварыствы “Голацк” і “Агра-Абярэг”.

— Мая задача — не выпісаць штраф за пэўныя парушэнні, а выявіць іх дзеля  вашай жа бяспекі і даць рэкамендацыі па іх ліквідацыі, — падкрэсліў Сцяпан Петрушэнка ў размове з  калектывам  СУП “Дукора-Агра”. — Асноўная мэта такіх рэйдаў — стварэнне бяспечных умоў працы.

Тэхнічны інспектар працы пацікавіўся ў дырэктара гаспадаркі Сяргея Дразда і іншых спецыялістаў пра гатоўнасць тэхнікі. Два пасяўныя камбініраваныя шасцімятровыя агрэгаты былі цалкам падрыхтаваны да выхаду ў поле. Яравы клін ў дукорскіх земляробаў складае 1100 гектараў.  У якаснай працы зацікаўлены і самі механізатары: іх стымулююць добрым заробкам.

Ад пытанняў вытворчых размова пераходзіла да пытанняў бытавых. У першую чаргу Сцяпан Петрушэнка звяртаў увагу на забеспячэнне спецадзеннем, арганізацыю гарачага  харчавання,  санітарна-бытавыя  ўмовы   для  людзей, наяўнасць медыцынскіх аптэчак і вогнетушыцеляў у кабінах. Таксама тэхнічны інспектар працы праглядаў калектыўныя дагаворы,  журналы інструктажоў і цікавіўся, як праходзяць перадрэйсавыя і паслярэйсавыя медыцынскія агляды вадзіцеляў і механізатараў.

Ва ўсіх трох гаспадарках заўваг наконт пералічаных пунктаў  не было. Але,пабываўшы на мехдварах, Сцяпан  Петрушэнка зрабіў  пэўныя заўвагі.

— У час падобных рэйдаў звычайна выяўляю адны і тыя ж парушэнні. У сельгасарганізацыях, якія я наведаў, пры рамонце тэхнікі выкарыстоўваліся  выпадковыя драўляныя падстаўкі замест металічных, а гэта траўманебяспечна, — падкрэслівае Сцяпан Аляксеевіч. — Таксама адно з самых частых парушэнняў — адсутнасць  на карданным вале ахоўных  кажухоў. Яны  павінны быць абавязкова. Неабходны строгі кантроль з боку спецыялістаў гаспадаркак.

У бліжэйшы час кіраўнікі сельгасарганізацый атрымаюць прадпісанні аб ліквідацыі выяўленых недахопаў. Чакаць пісьмаў у гаспадарках не сталі. Да ліквідацыі агучаных заўваг інжынерныя службы прыступілі адразу.

Кацярына  ДАБРЫЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *