Даглядаць самых маленькіх — праца адказная і няпростая

Працоўны дзень у Наталлі Пігаль (на здымку), як і ў большасці работнікаў жывёлагадоўчай галіны, разбіты на дзве часткі. Спачатку раніцай, пасля — бліжэй да вечара яна спяшаецца да самых маленькіх насельнікаў фермы.  Наталля Генадзьеўна — аператар па вырошчванні цялят МТФ “Ленінск” ААТ “Агра-Абярэг”. 

У гаспадарцы жанчына працуе  больш за 20 гадоў. Прыйшла сюды адразу пасля школы.

— Мой бацька калісьці быў загадчыкам фермы, а маці працавала тут даяркай, — расказвае Наталля Генадзьеўна. — Я атрымала атэстат і ўладкавалася аператарам машыннага даення. Даяркай працавала пятнаццаць гадоў, пасля перайшла ў цялятнік.

Наталля Пігаль даглядае цялятак ад нараджэння і да двухмесячнага ўзросту. Цяпер у яе групе 125 цялят.

Даглядаць самых маленькіх — праца адказная і няпростая.

— Хваробы жывёлы — самае складанае для мяне і іншых калег. А пакарміць цялятак і прыбраць іх клеткі — звычайныя штодзённыя справы, — гаворыць жанчына. — У гэтым годзе на нашай ферме цяляты зімавалі ў спецыяльных камізэльках, таму амаль не хварэлі.

Пасля працоўнага дня дома Наталлю Пігаль чакае вялікая сям’я. Наталля Генадзьеўна — шматдзетная маці. Разам з мужам выхоўвае чатырох сыноў і дачушку. Два старэйшыя сыны працягваюць вучобу ў каледжах,  малодшыя — пакуль школьнікі. Жанчына паспявае спраўляцца і са шматлікімі хатнімі клопатамі. Муж і дзеці заўсёды рады дапамагчы.

Кацярына ВІШНЁВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *