Жыхарка вёскі Наваполле вышывае карціны і вырабляе кветкі з бісеру

Родныя, сябры і знаёмыя Леанілы Чудзілоўскай з вёскі Наваполле апошнія гады атрымліваюць ад яе падарункі, зробленыя сваімі рукамі. Такія сувеніры, як вядома, каштоўней за любую набытую ў краме рэч. Леаніла Аляксандраўна вышывае карціны і вырабляе кветкі з бісеру. У яе работах быццам адлюстроўваецца ўся прыгажосць яе ўнутранага свету.

Займацца творчасцю жанчына пачала, калі выйшла на за-служаны адпачынак. У яе працоўнай кнізе некалькі запісаў. Апошні ахоплівае перыяд з 1982 па 2003 год, калі  Леаніла Аляксандраўна працавала старшынёй Навапольскага сельскага выканаўчага камітэта. Гэта пасада — для актыўных і мэтанакіраваных людзей.  Актыўную жыццёвую пазіцыю жанчына не страціла і на пенсіі, і  свае будні ўпрыгожыла творчасцю.

— Яшчэ ў школьныя гады я крыху вышывала крыжыкам. Пасля да гэтай справы не вярталася: выхоўвалі з мужам траіх дзяцей ды і праца забірала шмат часу, — расказвае Леаніла Чудзілоўская. — Некалі на вочы трапіў часопіс са схемамі вышывання,  я захацела паспрабаваць. Рукі ўсё ўспомнілі! Гэта карпатлівы занятак, аднак меня вельмі супакойвае. У мяне няма багатай калекцыі нітак, таму  палітру колераў для сваіх карцін выбіраю сама.

Калі я завітала да Леанілы Аляксандраўны, яна пачынала вышываць храм. Гэтую карціну папрасіў унук. Сям’я пад-трымлівае хобі матулі і бабулі. Дзеці дапамагаюць купляць неабходныя матэрыялы і афармляць работы ў рамкі.

У калекцыі жанчыны больш за тры дзясяткі карцін. Некалькі работ упрыгожваюць сцены яе хаты, астатнія Леаніла Аляксандраўна падарыла.

Вышыванне не адзінае захапленне маёй субяседніцы. Яна робіць кветкі з бісеру. Ружы, архідэі, ліліі… Яны дораць не менш радасці, чым жывыя кветкі.

Заняцца бісерапляценнем Леаніла Аляксандраўна вырашыла па прыкладзе суседкі Рэгіны Качура. Жанчына з задавальненнем падзялілася сакрэтамі свайго майстэрства.

— Рэгіна шпарка ўпраўлялася з мелкім бісерам, нанізваючы яго на дрот і фарміруючы пялёсткі, што спачатку я думала: не змагу так.  А вось першая мая кветка, — працягваеЛеаніла Аляксандраўна, паказваючы сваю першую работу, — якую нікому не падарыла.

Леаніла Чудзілоўская таксама з радасцю дапамагае ўсім, хто цікавіцца творчасцю. Цяпер яшчэ адна жыхарка Наваполля Ніна Якуш любіць вольны час праводзіць з канвой і  ніткамі ў руках. Жанчыны абменьваюцца схемамі карцін і ніткамі.

Мая субяседніца чарговы раз пацвярджае, што талент не мае ўзросту. Усяму можна навучыцца. Было б жаданне. Наступная мэта Леанілы Аляксандраўны — асвоіць вышыванне бісерам. Але яе прыйдзецца адкласці да восені, бо хутка пачнецца час клопатаў на агародзе.  Жанчына не толькі майстрыха, але і добрая гаспадыня.

Кацярына ВЕРНІКОЎСКАЯ. 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *