На веснавых  палетках  раёна  пачалася сяўба кукурузы

Механізатар Алег Руды.

На веснавых  палетках  раёна  пачалася сяўба кукурузы. Сёлета гэтай   культурай  земляробам   Пухавіччыны неабходна засеяць 8020 гектараў.  Аднымі з першых напрыканцы  красавіка   сеяць  “каралеву палёў” пачалі  ў  ААТ  “Аграсімвал”. Пад злакавую культуру тут адведзена 600 гектараў.

На сяўбе кукурузы задзейнічаны вопытныя механізатары. Перадпасяўную падрыхтоўку глебы праводзяць Уладзімір Савіч, Аляксандр Кікот, Генадзь Бабовік, сяўба —  клопат Алега Рудага. На раніцу пятніцы Алег Генадзьевіч засеяў 170 гектараў.

— Штодзень норму сяўбы  стараюся  перавыконваць: гэта ж мой заробак, —  гаворыць Алег  Руды. — Надвор’е спрыяе працы, тэхніка не падводзіць. На полі знаходжуся з ранку  да  вечара.  Сюды  ж дастаўляюць абеды і падвячоркі.

Гэтымі днямі сейбіт працуе на палетках каля аграгарадка Гарэлец.

Пакуль кукурузу ў гаспадарцы сеюць толькі на сілас. Гэта злакавая расліна, як падкрэсліваюць спецыялісты, самы ўніверсальны корм і для дойнага статка, і для жывёлы, якая ўтрымліваецца  на адкорме.

— Зараз у нас час актыўных палявых работ. Завершана сяўба яравых збожжавых, працягваем сеяць аднагадовыя травы,  праводзім хімпраполку азімых культур і рапсу, — адзначае галоўны аграном Марыя Цымановіч. — Учора на дапамогу Алегу Рудаму выйшаў Георгій  Фурс. Разам нашы механізатары хутчэй справяцца з планам.

Кацярына   ВЕРНІКОЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *