5 мая адзначаецца Дзень друку

І ў час інфармацыйных тэхналогій  для многіх людзей усё яшчэ застаецца добрай звычкай браць у рукі друкаванае выданне і ў вольную хвіліну знаёміцца з цікавымі  навінамі, якія падрыхтавалі да друку журналісты.  Менавіта з нашых нататкаў у блакноце пачынае свой шлях да чытачоў друкаванае слова. А вось канчаткова яно «выходзіць у свет» у друкарні.

ААТ «Чырвоная зорка» з’яўляецца адным са старэйшых паліграфічных прадпрыемстваў. Яно заснавана ў 1927 годзе.  Пачаўшы шмат гадоў таму з выпуску простых этыкетак, сёння друкарня мае сучаснае абсталяванне і працуе практычна ва ўсіх сегментах  рынку паліграфіі.

Але для нас друкарня, перш за ўсё, канчатковая інстанцыя  выпуску кожнага свежага нумара «Пухавіцкіх навін».  Напярэдадні прафесійнага свята мне ўдалося пабываць у цэхах і паназіраць у прысутнасці дырэктара фабрыкі Уладзіміра Лобача, як выходзіць у свет новы нумар нашай газеты.

Друкары час ад часу даставалі з патоку аддрукаванай прадукцыі выпадковыя  нумары  і  правяралі  якасць: прэтэнзій не было.  Усё чарговы раз прайшло добра.

—  На працягу 15 гадоў я друкую «Пухавіцкія навіны», — расказвае першы друкар Яўген Рудкоўскі.  — Калі б трэба было адказаць з прафесійнага пункту гледжання на пытанне аб газетах-любімчыках, то для мяне ваша раёнка — адна з іх.

Мы  ўдзячны калектыву ААТ «Чырвоная зорка» за сяброўства, за агульную работу. Каля  30 гадоў наша раённая газета прыходзіць да чытачоў з гэтай друкарні.   Мы ж адказваем за напаўняльнасць газеты, якую імкнемся рабіць цікавай, змястоўнай, патрэбнай для кожнага нашага падпісчыка.  Таму менавіта з калектывам друкарні мы дзелім сёння і наша прафесійнае свята.

Алена  ШАНТЫКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *