Маладых спецыялістаў аб’яднаў абласны форум

Антон Самойлаў, Антон Сямёнаў і Дзмітрый Шынкарэнка.

Маладыя спецыялісты Міншчыны, якія працуюць у аграрна-прамысловым комплексе, нядаўна сустрэліся на абласным форуме. Наш раён прадстаўлялі галоўны заатэхнік СУП “Дукора-Агра” Дзмітрый Шынкарэнка і інжынеры ААТ “Пухавіцкі райаграсэрвіс” Антон Самойлаў  і Антон Сямёнаў.

Удзельнікаў форума вітаў старшыня Мінскага абкама прафсаюза работнікаў АПК Міхаіл Бода. Асаблівую ўвагу арганізатары форума звярнулі  на пытанні прававой і сацыяльна-эканамічнай абароны маладых спецыялістаў. Выступленне прававога  інспектара працы было карысным  для ўсіх прысутных.

— Нам расказалі пра дапамогу, на якую мы як маладыя спецыялісты можам разлічваць з боку дзяржавы. Таксама мне было цікава паслухаць лекцыю псіхолага пра тое, як спраўляцца з эмоцыямі і стрэсам падчас прафесійнай дзейнасці, — расказаў Дзмітрый Шынкарэнка. — Форум — гэта яшчэ і добрая магчымасць пазнаёміцца з калегамі з іншых рэгіёнаў, якой мы ўсе таксама скарысталіся.

Галоўным заатэхнікам у СУП “Дукора-Агра” Дзмітрый працуе  з 2017 года. Звязаць будучыню з сельскай  гаспадаркай  ён вырашыў  невыпадкова:  на радзіме ў Хойніках сям’я заўсёды трымала гаспадарку. Працу ў галіне жывёлагадоўлі малады чалавек яскрава бачыў па прыкладзе маці, якая ў свой час была і брыгадзірам фермы, і заатэхнікам.

Спачатку Дзіма вучыўся ў Рэчыцкім аграрным каледжы. Пасля паступіў у  Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт, на  трэцім курсе ў ліку лепшых студэнтаў ездзіў на чатыры месяцы на стажыроўку ў Германію.

— Сельская гаспадарка — галіна, дзе часта працоўны дзень не абмяжоўваецца канкрэтнымі   межамі. Усе мы ведалі, куды ішлі і што нас чакае, таму скардзіцца на  працу я не люблю, — гаворыць Дзмітрый.

Пасля заканчэння афіцыйнай часткі форума ўсе ўдзельнікі пабывалі на экскурсіі на “Лініі Сталіна”.

Кацярына ВЕРНІКОЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *