Пытанням  нарыхтоўкі  кармоў  быў прысвечаны  раённы семінар

Вясна сёлета здзіўляе сваёй кантраснасцю. І гэта дастаўляе асобыя клопаты работнікам сельскай гаспадаркі. Хутка  аграрыі  распачнуць корманарыхтоўчую  кампанію.  Пытанням  нарыхтоўкі   кармоў  быў прысвечаны  раённы семінар, які ў мінулую суботу аб’яднаў кіраўнікоў гаспадарак, вядучых спецыялістаў райвыканкама і  сельгаспрадпрыемстваў. Узначаліў  семінар старшыня райвыканкама Сяргей Ленкавец.

Першай кропкай у рабочым маршруце стала ААТ “Агра-Абярэг”. На полі — лінейка   гатоўнасці  тэхнікі, якая   будзе задзейнічана на корманарыхтоўцы. Звенні  на нарыхтоўцы сена, сенажу і сіласу ўжо сфарміраваны. У гэтым годзе ў гаспадарцы плануюць нарыхтаваць 16 тысяч тон сенажу, 960 тон сена і 15600 тон сіласу.  Па раёне гэтыя лічбы складаюць 130, 8010 і 150 тысяч тон адпаведна.

Дырэктар сельгасарганізацыі Пётр Казак вітаў удзельнікаў семінара на “эксперыментальным” полі. Азімая свірэпіца і азімае жыта тут растуць палоскамі.  Папярэднік для гэтых культур — азімыя збожжавыя. Жыта і свірэпіца добра суседнічаюць паміж сабой. Закладваць кармы ў сянажныя ямы будуць пры дапамозе кансерванта. Павінен атрымацца збалансаваны корм.  Гэта вопыт адной з гаспадарак суседняга раёна.

—  Важна захоўваць фазу ўборкі. Тут асноўная нагрузка прыйдзецца на нашых механізатараў, — падкрэсліў Пётр Казак. — Сеяць у гэтым годзе  мы пачалі на два тыдні пазней,  але па тэмпах дагналі пасяўную мінулага года і цяпер нават  ідзём хутчэй, чым летась. Цяпер галоўнае не разгубіцца на старце корманарыхтоўкі. Мы завяршаем  будаўніцтва дзвюх сіласных траншэй у вёсцы Бахаравічы. З іх улікам агульная ёмістасць нашых траншэй складзе 30 тысяч тон.

Асаблівую ўвагу спецыялісты звярнулі на пытанні падрыхтоўкі сянажных ям і траншэй. Яшчэ два важныя моманты  — якасць і захаванасць кармоў.  Пра гэта расказаў начальнік Пухавіцкай райветстанцыі Аляксей Халецкі. Максімальны тэрмін закладвання ямы — чатыры дні.  Спецыялісты райветстанцыі нагадалі, як карыстацца прыборамі  для   вызначэння тэмпературы і вільготнасці зялёнай масы.

Да выхаду тэхнікі ў поле важна настроіць усе неабходныя параметры на касілках і іншых агрэгатах. Майстар вытворчага навучання цэнтра падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі рабочых упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання  Мікалай Кірпічоў і дырэктар цэнтра Віктар Калясенка звярнулі ўвагу на розныя тэхнічныя моманты. Закранулі падчас размовы і пытанні аховы працы.

Сёлета на мехдварах некаторых гаспадарак з’явілася новая тэхніка. Свайго першага  выхаду на палі чакаюць пяць  кормаўборачных камбайнаў у СУП “Дукора-Агра”, ААт “Зазерка”, “Голацк”, АЗ “Індустрыя”, “Суцінскі”.  У  бліжэйшы час  новыя КВК з’явяцца ў ААТ “Агра-Абярэг” і “Пухавіцкі райаграсэрвіс”.  Як падкрэсліў старшыня райвыканкама Сяргей Ленкавец, прыходзіць сучасная тэхніка.  Для дасягнення добрых вынікаў важным фактарам аператыўнасць  з боку кіраўнікоў гаспадарак, спецыялістаў і механізатараў.

Другая частка семінара прайшла ў ААТ “Зазерка” на полі, засеяным  люцэрнай, дзе працаваў прэс-падборшчык-абмотчык рулонаў. Размова ішла пра прагрэсіўны метад нарыхтоўкі кармоў у стрэйч-плёнку. У гаспадарцы гэты спосаб практыкуюць не першы год. Дырэктар гаспадаркі Андрэй Папельскі расказаў пра плюсы такога метаду нарыхтоўкі кармоў. Асобна былі прадстаўлены матэрыялы для ўкрыцця сянажных траншэй.

Тэхніка і звенні на перыяд корманарыхтоўкі таксама ўжо сфарміраваны.  Першым укосам у “Зазерцы” плануюць убраць 794 гектары шматгадовых траў і нарыхтаваць 8580 тон сенажу. Сёлета земляробы могуць разлічваць на тры ўкосы траў.

Напрыканцы семінара старшыня райвыканкама Сяргей Ленкавец   паставіў перад кіраўнікамі гаспадарак канкрэтныя задачы на бліжэйшы час. Ён падкрэсліў, што сезон корманарыхтоўкі трэба правесці максімальна аператыўна і плённа. Спрагназаваць, якім будзе  будучы год, немагчыма, таму кармавы запас павінны мець усе сельгасарганізацыі.

Кацярына  ДАБРЫЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *