Другі тыдзень ідзе касавіца ў ААТ “Пухавіцкі райаграсэрвіс”

Механізатар Аляксей Панкратовіч.

Другі тыдзень ідзе касавіца ў ААТПухавіцкі райаграсэрвіс”. Гаспадарка — у ліку лідараў на касьбе траў. Калектыву сельгасарганізацыі першым укосам трэба скасіць 1190 гектараў — гэта самая вялікая  плошча ў  раёне. На раніцу аўторка скошана 320  гектараў.

У  гаспадарцы ўжо нарыхтавалі  70 тон сена і 160 тон сенажу ў палімернай плёнцы. Запакаваць сянаж такім чынам дапамаглі суседзі з ААТ “Племянны завод “Індустрыя”.

— На   гэтым  тыдні  пачнём  закладваць сянажную яму на 1300 тон каля малочнатаварнага комплексу “Дубраўка”, — расказвае галоўны аграном гаспадаркі Дзяніс Адзярыха. — Сфарміравалі працоўнае звяно. Аляксей Панкратовіч задзейнічаны на касьбе, падключацца да работы  Іван Кавальчук (ён будзе працаваць з граблямі)  і Віталь Качан, які  на “Ягуары”  будзе  здрабняць  зялёную  масу.

З  Аляксеем Панкратовічам сустрэліся на полі каля вёскі Новы Уборак. Аляксей Пятровіч прыйшоў у ААТ “Пухавіцкі райаграсэрвіс” восенню. Усяго ж у сельскай гаспадарцы працуе шаснаццаць гадоў і паспяхова працягвае сямейную дынастыю механізатараў: яго прозвішча не раз гучала  ў  ліку  перадавікоў раёна.

—  На працу я штодзень прыязджаю з Суціна. Цяпер у нас самы напружаны час, але ж гэта і час заробку. Складана было толькі першы тыдзень, пакуль прызвычаіўся да такога рэжыму, — расказвае Аляксей Панкратовіч.

Раней Аляксей Пятровіч выязджаў на палі ў асноўным з сеялкай  і агрэгатам для ўнясення мінеральных удабрэнняў. На касьбе ён задзейнічаны першы сезон. У агрэгата з шырынёй захопу дзевяць метраў за чатыры гады  быў не адзін гаспадар, аднак сур’ёзных клопатаў механізатару ён  не дастаўляе. Кожны дзень перад выездам у поле Аляксей Панкратовіч правярае  тэхніку. Падчас касьбы таксама   сочыць  за  агрэгатам.   Штодзень Аляксей Пятровіч скошвае не менш за 30 гектараў.

Іншыя  механізатары сельгас-арганізацыі таксама актыўна ўдзельнічаюць у корманарыхтоўчай кампаніі. Мікалай Гулякевіч падкошвае   пашы.   Дзмітрый  Радзюк  касіў свірэпіцу на  падкормку жывёле. Цяпер ён косіць люцэрну.

Кацярына ВЕРНІКОЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *