Добрыя ўмовы і догляд даюць свой вынік
У ААТ “Агра-Абярэг” больш за два гады займаюцца вырошчваннем бычкоў на мяса.
На малочнатаварнай ферме “Дудзічы-2” першыя вынікі новаўвядзення парадавалі, таму ў кастрычніку 2017 года бычкоў на адкорм паставілі таксама на ферме “Крыстамполле”. Напярэдадні тут правялі рэканструкцыю памяшканняў. Фінансавую дапамогу гаспадарцы аказаў раённы выканаўчы камітэт.
Сёння ў гаспадарцы налічваецца 1200 бычкоў. 460 знаходзяцца на ферме ў Крыстамполлі. Працуюць там трактарыст і старшы жывёлавод Сяргей Банько, жывёлаводы Яўген Банько і Юрый Волк. У “Крыстамполлі” жывёла раздзелена на чатыры групы. На ферму бычкоў завозяць з 6-месячнага ўзросту. А на мясакамбінат здаюць ужо вагой больш за 450 кілаграмаў.
— Штомесяц мы рэалізуем па пяцьдзясят бычкоў. Займацца іх адкормам выгадна: атрымліваем значны прыбытак, а затраты невялікія, — расказвае галоўны заатэхнік гаспадаркі Наталля Таранчанка. — Асноўныя фактары — утрыманне і кармленне жывёл. Кармамі мы забяспечваем сябе самі. Штодзень на аднаго бычка прыходзіцца 30 кілаграмаў сіласу і 3 кілаграмы канцэнтратаў. Соль, мел і вітамінна-мінеральныя дабаўкі таксама ў рацыёне жывёл. У красавіку сярэднясутачныя прывагі ў вазе склалі 900 грамаў. Сярод умоў утрымання важнымі з’яўляюцца сухая глыбокая падсцілка, наяўнасць вады. Двойчы на тыдзень абавязкова чысцім усе памяшканні.
Добрыя ўмовы і догляд даюць свой вынік.
Кацярына ДАБРЫЦКАЯ.