На сустрэчу з гараджанамі прыйшлі знакамітыя землякі

Барыс Рэпін, Аляксандр Фінскі, Уладзімір Паўлоўскі, Ала Ралькевіч.

Акцыя “Ноч музеяў” прайшла ў мастацкай галерэі раённага краязнаўчага музея. На сустрэчу з гараджанамі прыйшлі нашы знакамітыя землякі: скульптар, дацэнт Беларускай дзяржаўнай  акадэміі мастацтваў Аляксандр Фінскі, мастак Барыс Рэпін, доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь, даследчык спадчыны Францыска Скарыны Уладзімір Паўлоўскі,  былы член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, а зараз старшыня савета ветэранаў педагагічнай працы Пухавіцкага раёна Ала Ралькевіч,  старшыня Беларускай асацыяцыі экспертаў і сюрвеераў на транспарце, кандыдат тэхнічных навук  Юрый Важнік.

«Мне лепей ад роднага краю  нічога на свеце няма»,  — гэтыя словы нашага земляка, паэта Алеся Бачылы абазначылі тэму мерапрыемства. І гаворка падчас сустрэчы ішла аб тым,  што прывабнага і цікавага ёсць  на Пухавіччыне, і што яшчэ трэба зрабіць. Аляксандр Міхайлавіч Фінскі, напрыклад, лічыць, што плошчу каля цэнтра культуры ў Мар’інай Горцы можа ўпрыгожыць скульптурная кампазіцыя. І ён гатовы над гэтым папрацаваць, калі будзе зацікаўленасць тых, ад каго гэта залежыць.  Ужо не раз гучала  ідэя аб тым, што патрэбна ўвекавечыць памяць Льва Макава, без якога зараз, магчыма, Мар’іна Горка не была б горадам.

Юрый Пятровіч Важнік у вольны ад працы час  займаецца даследаваннем жыцця і дзейнасці аднаго з уладальнікаў маёнтка Блонь, паэта, каталіцкага місіянера і прапаведніка Юзэфа Бакі, а таксама мясцовай тапанімікі. Ён лічыць, што патрэбна  звярнуць увагу на развіццё турыстычнага патэнцыялу нашага рэгіёна. І першыя крокі ў гэтым накірунку сам спрабуе зрабіць.

Нам ёсць над чым супольна папрацаваць, каб горад і раён выглядалі больш прывабна і прыцягвалі да сябе ўвагу людзей з іншых рэгіёнау Беларусі  —  такім быў агульны пасыл удзельнікаў сустрэчы.

Наталля  ПАРХОМЧЫК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *