Оксана Рыбинская прививает ученикам любовь к родному языку

Аксана Уладзіміраўна Рыбінская добра памятае свой першы настаўніцкі дзень у сваім першым класе Пухавіцкай СШ: гэтая падзея адбылася ўсяго тры гады таму. Тады ў клас на першы ўрок вяла трохі спалоханых і ўсхваляваных дзетак не ўчарашняя студэнтка, а ўжо вопытная настаўніца, якая працавала пасля заканчэння Нясвіжскага педвучылішча з вучнямі чацвёртага класа, а потым у якасці сацыяльнага педагога — і са старэйшымі школьнікамі. Аднак усе гэтыя гады Аксана Рыбінская марыла пра тое, каб набраць першы клас і прайсці з ім увесь цыкл навучання ў пачатковай школе. І, нарэшце, мара стала рэальнасцю…

— Я глядзела на сваіх маленькіх вучняў і з на-дзеяй думала пра тое, як мы разам будзем адкрываць свет ведаў: вучыцца чытаць, пісаць, лічыць, — расказвае А.У. Рыбінская. — Заўсёды я была ўпэўнена ў тым, што ад той базы, якая закладзена ў пачатковай школе, многае залежыць у жыцці чалавека. Таму марыла як мага больш ведаў даць сваім вучням, паспрабаваць выхаваць у іх лепшыя чалавечыя якасці.

Аптымістычныя жаданні настаўніцы пачалі рэалізоўвацца не так хутка, як таго хацелася б. Што ж, не дзіва, бо дзеткі прыйшлі розныя: кожны са сваім характарам, са сваімі капрызамі. Перш, чым пачаць здабываць веды, трэба было навучыцца сядзець за партай, слухаць настаўніка, быць дысцыплінаванымі, уважлівымі. А гэта патрабавала часу.

— Для кожнага паступова знайшліся свае словы, свае падыходы, — расказвае Аксана Уладзіміраўна. — З часам дзеці раскрываліся, разумелі мяне, даверліва слухалі, успрымалі маю навуку. І мы разам радаваліся агульным нашым поспехам.

Так добрыя адносіны настаўніцы да дзетак, яе імкненне зрабіць для іх як мага больш, далі свае вынікі. І сёння трэці клас — гэта дружны калектыў, які жыве агульнымі інтарэсамі. І ўсё ж па-ранейшаму ўсе дзеткі розныя.

— Дзіяна і Насця — артыстычныя дзяўчынкі, якія добра ўмеюць чытаць вершы, выступаць на сцэне. Андрэй і Яўген — нашы матэматыкі, якія могуць за хвіліну рашыць задачку. Міша, Віка і Аляксандра — дзеці, якія любяць наводзіць у класе парадак, даглядаць кветкі, — з нейкім асаблівым пачуццём замілаванасці расказвае пра сваіх вучняў настаўніца.

А я, зазірнуўшы на некалькі хвілін у клас, за такі кароткі адрэзак часу знаходжу нешта агульнае ў гэтых трэцякласніках: усе яны незвычайна чысценька і лёгка гавораць па-беларуску. Ведаю, што гэта не выпадковасць.

— Беларуская мова — гэта для мяне частка радзімы, частка мяне самой, — дзеліцца са мной А.У. Рыбінская. — І я мару, каб і мае вучні так лічылі, бо яны — беларусы, якія павінны ганарыцца гэтым і не саромецца роднага слова. Упэўнена, што няма на свеце мовы прыгажэйшай, таму люблю і паважаю нашу.

Менавіта адданасцю роднаму слову і запомнілася мне Аксана Уладзіміраўна Рыбінская на апошнім этапе раённага конкурсу “Настаўнік года”, дзе адбылося наша знаёмства. Аднак перамога ў конкурсе настаўніцы пачатковых класаў Пухавіцкай СШ А.У. Рыбінскай дасталася не толькі за сцэнічнае ўвасабленне нацыянальнай ідэі, але і за прафесіяналізм: падчас правядзення адкрытых урокаў настаўніца набрала найбольшую колькасць балаў і ўпэўнена лідзіравала сярод фіналістаў.

Званне “Настаўнік года”, безумоўна, важная ступенька ў прафесійным росце любога педагога. Але яна далёка не канчатковая, бо кожны настаўнік павінен заўсёды ісці наперад, падымацца на новыя вяршыні і быць цікавым для сваіх вучняў, быць для іх прыкладам.

Менавіта такія настаўнікі і матывуюць вучняў на выбар гэтай нялёгкай, але вельмі важнай прафесіі. І Аксана Уладзіміраўна прызнаецца, што свой выбар зрабіла невыпадкова: хацела стаць такім жа добрым настаўнікам, якім была яе класны кіраўнік Валянціна Сяргееўна Бяседзіна (дырэктар Пухавіцкай СШ).

Аб тым, ці спраўдзілася мара настаўніцы, могуць сказаць толькі яе вучні. Але і слоў не трэба, калі бачыш, з якой радасцю дзеці спяшаюцца ў клас да любімай настаўніцы, з якой павагай размаўляюць з ёй, як слухаюцца. Усё зразумела: чалавек на сваім месцы…

Алена ШАНТЫКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *