У Мар’інай Горцы прайшоў першы гарадскі марафон

Раніцу мінулай суботы некаторыя жыхары горада прысвяцілі актыўнаму адпачынку.

На прабежку ўсіх жадаючых запрасілі работнікі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Менавіта яны пры падтрымцы райвыканкама сталі ініцыятарамі правядзення першага гарадскога марафону напярэдадні  Міжнароднага дня без тытуню.

Марафонскай, праўда, дыстанцыю даўжынёй у 2,6 кіламетры (працягласць частак  вуліц Новая Зара і Выратавальнікаў) не назавеш, аднак зусім не ў лічбах добрая справа. Згадзіцеся, галоўнае — проста адарвацца ад тэлевізара і гаджэтаў, выйсці на старт і адчуць асалоду ад  мерапрыемства.

— Тыя, хто не паленаваліся, у поўнай меры і атрымалі цудоўны настрой еднасці з аднадумцамі і прыхільнікамі здаровага ладу жыцця, — упэўнена галоўны санітарны ўрач раёна Алена Пархімчык. — Мы ўдзячны ўсім, хто падтрымаў нашу ініцыятыву і выйшаў на старт. Спадзяёмся, што забег стане традыцыйным і яшчэ больш масавым.

Пераможца забегу — супрацоўнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Ягор Пасекаў.

Прыняць удзел у першым гарадскім Дні бегу выказалі жаданне як школьнікі, так і работнікі многіх прадпрыемстваў. Першаадкрывальнікамі  забегу стала больш за 120 чалавек. Кожны ўдзельнік атрымаў сертыфікат на памяць. А некаторыя  — яшчэ і сваю хвіліну славы. Сярод іх, вядома, пераможца забегу — супрацоўнік раённага ад-дзела па надзвычайных сітуацыях Ягор Пасекаў, які значна адарваўся ад калоны марафонцаў. Акрамя яго, шмат увагі дасталося і ветэранам спорту, бывалым марафонцам Вячаславу Меляшкевічу (самы старэйшы ўдзельнік), Сяргею Абідзіентаву і Клаўдзіі Блізнец. Вячаслаў Адамавіч у інтэрв’ю сталічным журналістам расказаў аб тым, што ён з задавальненнем прымае ўдзел у такіх мерапрыемствах, няглядзячы на тое, што па пашпарце яму ўжо за… 80. Дарэчы, самы юны ўдзельнік забегу таксама Меляшкевіч  —  унук Вячаслава Адамавіча Арцём. І гэта не дзіўна. Як малому не далучыцца да забегу, калі не толькі дзед з’яўляецца прыкладам, але таксама і бацька, які быў удзельнікам Алімпійскіх гульняў?

Не магу не дадаць, што сярод “марафонцаў” былі і мае калегі, наша моладзь — Кацярына Вернікоўская і Лізавета Сцефаняк. Так што мы не толькі асвятлялі падзею, але і непасрэдна далучыліся да яе.

Алена ІВАНОВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *