Развітанне з роднай школай

Сёння — другі дзень летніх  канікулаў.  Большасць  школьнікаў ужо адпачывае. А вось выпускнікам 9-х і 11-х класаў пакуль не да адпачынку: яны здаюць выпускныя экзамены. Для 289 юных пухавіччан экзамены  апошнія, а для 594 дзевяцікласнікаў — першыя. Аднак сярод гэтых дзяцей будзе нямала тых, хто пасля школьных будзе здаваць і ўступныя экзамены ў каледжы і ліцэі. Таму апошні школьны званок, што празвінеў у школах раёна ў сераду, стаў развітальным не толькі для адзінаццацікласнікаў.

— Наша школа дае дзецям трывалыя  веды, — сказала на апошняй лінейцы дырэктар Свіслацкай СШ Таццяна Селівонец. — І не дзіўна, што нашы хлопчыкі і дзяўчынкі штогод паступаюць у рэспубліканскі і абласны ліцэі, каледжы. У мінулым годзе, напрыклад, ліцэістамі стала 15 чалавек. А, між іншым, конкурсы і прахадныя балы ў абласны ліцэй  даволі высокія.

Таццяна Рыгораўна падзякавала настаўніцкаму калектыву за плённую працу, а раённаму выканаўчаму камітэту і спонсарам (ЗАТ “Август-Бел” і ААТ “Завод горнага воску”)   за  ўмацаванне  матэрыяльна-тэхнічнай базы школы і цеснае супрацоўніцтва ў рамках цікавых школьных праектаў.

Поспехі вучняў школы адзначыла і начальнік цэнтра інавацыйнага развіцця адукацыйнай практыкі Мінскага абласнога інстытута развіцця  адукацыі  Таццяна  Праліска. Свіслацкія школьнікі пастаянна становяцца пераможцамі розных навукова-даследчых  конкурсаў,  дыстанцыйных   алімпіяд.

Апошнія ўзнагароды, што былі атрыманы напярэдадні заканчэння навучальнага года, дзецям уручылі на ўрачыстай лінейцы. Былі традыцыйна названы і адзначаны прызамі самыя спартыўныя, актыўныя і самыя паспяховыя ў вучобе класы школы.

Старшыня раённага выканаўчага камітэта Сяргей Ленкавец пажадаў школьнікам прадуктыўнага і вясёлага адпачынку і  паабяцаў, што дарослыя паклапоцяцца, каб да пачатку наступнага навучальнага года ўсе школы былі на сто  працэнтаў  гатовы прыняць  вучняў.  А вось выпускнікоў  папрасіў не забываць ні родную школу, ні сваю малую радзіму, наш раён, які адчувае патрэбу ў адукаваных спецыялістах.

Апошні званок далі лепшыя   вучні  —  Мікіта  Еўтушэнка і  Ева  Змушко.

Алена  ІВАНОВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *