Механізатары ААТ “Агра-Абярэг” працягваюць нарыхтоўку сенажу
Моцная і зладжаная каманда штогод праводзіць корманарыхтоўчую кампанію ў ААТ “Агра—Абярэг”. У гэтым годзе гаспадарка разлічвае нарыхтаваць 13900 тон сенажу. З гэтым планам (самым вялікім у раёне) ужо справіліся на 35 працэнтаў. Механізатары разлічваюць, што да завяршэння першага ўкосу (5 чэрвеня) гэтая лічба дасягне 50 працэнтаў.
Традыцыйна ў корманарыхтоўчае звяно ўключаны Фёдар Хадыка (на здымку). Ён працуе на КВК-800, штодзень здрабняе каля 300 тон зялёнай масы. Фёдар Аляксандравіч неаднаразова ўваходзіў у лік лепшых механізатараў падчас корманарыхтоўкі.
У пачатку сезона на “Ягуары” гэтай работай быў заняты Сяргей Лабус. Некалькі дзён таму яго змяніў Мікалай Паўлоўскі. Скошаную травяную масу ў валкі зграбае Аляксандр Ладуцька.
— На касьбе задзейнічаны Мікалай Ляпёшка і Іосіф Вільтоўскі. Адвозяць зялёную масу вадзіцелі Уладзімір Гінько, Аляксандр Верасовіч, Уладзімір Асіпук, Андрэй Лабус, Юрый Есімчык, Уладзімір Хадыка, — расказвае галоўны аграном гаспадаркі Раіса Есімчык. — Трамбоўка на сянажных траншэях вядзецца кругласутачна. 1100 тон сенажу ўжо заклалі каля фермы ў Дудзічах, 800 тон — каля Наваполля, 740 тон — у Азярычыне, 800 тон — у Крыстамполлі. За выхадныя плануем закласці яшчэ адну яму ў Азярычыне. З пачатку тыдня будзем закладваць кармы ў Бахаравічах.
Разам з тым у гаспадарцы працягваюць нарыхтоўку сенажу ў палімернай плёнцы. На прэс-падборшчыку працуе Віктар Граблюк.
Кацярына ДАБРЫЦКАЯ.