Вершы нашага земляка пераклалі на сербскую мову
Да стагоддзя нашага земляка, вядомага паэта, перакладчыка, літаратуразнаўцы Алеся Бачылы новыя публікацыі яго вершаў з’явіліся і ў сербскай літаратурна-мастацкай перыёдыцы.
Толькі што пабачыў свет штоквартальнік “Кніжэўны прагляд” — пятнаццаты нумар. Гэта — перыядычнае літаратурна-мастацкае выданне, якое выходзіць у выдавецтве “АЛМА”. Галоўны рэдактар — Джорджа Оташавіч.
У падборцы Алеся Бачылы, якую з беларускай на сербскую пераклала малады і таленавіты творца Даяна Лазарэвіч, — і верш нашага суайчынніка “Матчына мова”. Дарэчы, у гэтым жа выпуску сербскага выдання перакладчыца прадставіла яшчэ двух беларускіх паэтаў — Максіма Багдановіча і Людмілу Рублеўскую. Даяна Лазарэвіч ужо двойчы прыязджала ў Беларусь. Удзельнічала і ў Міжнародным сімпозіуме літаратараў “Пісьменнік і час” — у сакавіку гэтага года. Сярод цікавых для Даяны сучасных беларускіх паэтаў, з якімі яна кантактуе, якіх перакладае, — Маргарыта Латышкевіч, Юлія Алейчанка, Марына Яўсейчык, Марыя Кобец, Віктар Шніп, Сяргей Панізнік, Алесь Бадак, Людміла Хейдарава.
— І надалей хацела б перакладаць вершы Алеся Бачылы, — сведчыць Даяна Лазарэвіч. — А надарыцца магчымасць, то з радасцю наведаю яго родныя мясціны, яго Лешніцу, якой, ведаю, паэт прысвяціў цёплыя, прачулыя паэтычныя радкі. Кажуць жа, што паэта можна зразумець тады, калі пабываеш на яго радзіме, у тых мясцінах, якія нарадзілі яго талент, якія натхнілі на неўміручыя творы.
Алесь КАРЛЮКЕВІЧ.