Дукорскія земляробы працягваюць нарыхтоўку сенажу

У СУП “Дукора-Агра” ў адным звяне па корманарыхтоўцы працуюць браты Аляксандр, Уладзімір і Андрэй Давыдзенкі. За гады працы  ў  гаспадарцы яны зарэкамендавалі сябе  адказнымі і стараннымі механізатарамі, таму ім нездарма даручаюць самую адказную работу.

Гэтымі днямі дукорскія земляробы працягваюць нарыхтоўку сенажу. Значную частку правяленай масы ўпакоўваюць у палімерную плёнку. У сховішчы ўжо больш за 547 тон такіх кармоў. Гэта лічба працягвае расці: з прэс-падборшчыкам рулонным “Тарнада” ў полі працуе Аляксандр Давыдзенка (на здымку).

У СУП “Дукора-Агра”  ён   прыйшоў восем гадоў таму. Працаваў тут да арміі, пасля ўладкаваўся ў сталіцы.  Пазней Аляксандру прапанавалі  працаваць на новым энерганасычаным трактары, і ён вярнуўся ў гаспадарку.

Штодзень Аляксандр Віктаравіч упакоўвае  150-170 рулонаў. Увесь працэс кантралюе камп’ютар,  усталяваны ў кабіне, што значна аблягчае працу. Нарыхтаваць сянаж трэба яшчэ каля вёсак Пушча і Маладнёва, таму работы на бліжэйшы час механізатару хопіць.

— Стараюся прасаваць рулоны як мага хутчэй, каб пад такім спякотным сонцам сянаж не ператварыўся ў сена, —  гаворыць Аляксандр Давыдзенка. — Такія гады, калі супадалі  некалькі відаў палявых  работ, у маёй практыцы ўжо здараліся.  Усёй камандай мы спраўляемся, працуем зладжана і арганізавана. Цяпер час заробку, таму  некаторыя цяжкасці адыходзяць на другі план.

Аляксандр Віктаравіч стараецца праявіць сябе на розных відах работ. Нарыхтоўка кармоў, вываз арганікі — у гаспадарцы ён уваходзіць у лік лепшых работнікаў. У мінулым годзе вызначыўся на жніве:  перавёз  каля дзвюх тысяч тон збожжа, больш за ўсіх у сельгасарганізацыі.

Корманарыхтоўку ў гаспадарцы пачынае Уладзімір Давыдзенка, які косіць травы. Рулоны сенажу з палёў адвозіць Андрэй Давыдзенка. У звяне з трыма братамі працуе таксама Аляксей Холад. Ён займаецца варашэннем траў.

Працу механізатарам у гэтыя спякотныя дні значна аблягчаюць кандыцыянеры. Кіраўніцтва гаспадаркі паклапацілася пра мінеральную ваду, якую работнікі атрымліваюць перад выездам у поле. Бываюць у механізатараў і выхадныя дні, каб яны маглі крыху адпачыць ад такога напружанага тэмпу працы.

Кацярына  ДАБРЫЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *