Ансамбль “24” атрымаў прапіску ў Зазерцы
Чатыры гады таму ў Зазерскім сельскім Доме культуры прайшоў першы музычны вечар ансамбля “24”. З таго часу калектыў, можна сказаць, атрымаў прапіску ў Зазерцы. Нядаўна музыканты групы зноў парадавалі вяскоўцаў цікавай канцэртнай праграмай.
Афішы пра вечар адпачынку расклеілі ў Зазерцы і бліжэйшых вёсках. Людзей сабралася шмат, што вельмі парадавала музыкантаў. У іх, дарэчы, за чатыры гады з’явіліся свае прыхільнікі. Сярод іх як людзі старэйшага ўзросту, так і моладзь. Розныя пакаленні аб’ядноўвае шматпланавы рэпертуар групы, які пастаянна папаўняюць новыя песні.
Ініцыятыву такога культурнага адпачынку падтрымаў кіраўнік ААТ “Зазерка” Андрэй Папельскі. Прафсаюзны камітэт гаспадаркі набыў 33 квіткі. Іх атрымалі работнікі сельгасарганізацыі. У такую напружаную для механізатараў пару музычны вечар з песнямі і танцамі дапамог адпачыць і расслабіцца.
— Радасна, што калектыў “24” ужо чатыры гады радуе нас сваёй творчасцю. Яны прыязджаюць у свой вольны час, рэпетыруюць, прывозяць сваю апаратуру, і ў выніку пастаянна дораць нам яркія выступленні і прыемныя эмоцыі, — адзначае дырэктар Зазерскага СДК Ларыса Пятровіч.
Цяпер вечары адпачынку ладзяцца адзін раз на месяц. Звязана гэта з графікам работы ўдзельнікаў калектыву. У вольны час браты Сяргей і Андрэй Каленік, Дзмітрый Лапцёнак, Сяргей Громаў і Святлана Супанева з радасцю ствараюць музычны настрой на сцэне Зазерскага СДК.
Кацярына ДАБРЫЦКАЯ.