Валанцёры міжнароднай арганізацыі «Сафія» наведалі Пухавіцкі псіханеўралагічны дом-інтэрнат
Падзяліцца дабрынёй. Гэта для валанцёраў міжнароднага дабрачыннага грамадскага аб’яднання «Сафія» — справа амаль што кожнага новага дня. З мэтай дапамагчы тым людзям, якім патрэбна дапамога, яны адпраўляюцца ў гуманітарныя камандзіроўкі па ўсім свеце і, выкарыстоўваючы сродкі ад ахвяраванняў вернікаў, знаходзяць ім высакароднае прымяненне.
Сямейная пара з Амерыкі — Пол і Уэндзі Дотсан, — напрыклад, такім чынам два гады таму апынулася ў Беларусі. Да гэтага моманту, прызнаюцца, нават не ўяўлялі, дзе знаходзіцца краіна. Але цяпер яны ведаюць не толькі гэта, але і тое, што тут жывуць добрыя людзі, знаёмства з якімі не раз прыносіла ім радасць.
— За час нашага знаходжання ў Беларусі мы наведалі шмат розных гарадоў і сацыяльных устаноў, — расказвае Пол Дотсан.— Вывучалі ўмовы пражывання ў дзіцячых дамах, дамах-інтэрнатах, цікавіліся, якія ёсць праблемы. І па меры сваіх магчымасцяў спрабавалі рэалізаваць нейкія сумесныя праекты па аказанні дапамогі. За год арганізацыя, дарэчы, рэалізуе ў Беларусі 30-35 гуманітарных праектаў. У гэтым годзе «Сафія» дапамагла Чэрвеньскаму дому-інтэрнату для дзяцей-інвалідаў, Чэрвеньскаму і Мядзельскаму ТЦСАН. А таксама і Пухавіцкаму псіханеўралагічнаму дому-інтэрнату. Сёння мы прыехалі завяршыць наш сумесны праект і пераканацца, што ўсё абсталяванне, якое было пастаўлена, функцыянуе і дапамагае людзям.
Падчас экскурсіі па карпусах дома-інтэрната гаворым пра тое, што рабіць добрыя справы прыемна і радасна. Дапамагаючы, ты сам становішся лепшым.
— Мы шчаслівы, што нарэшце можам цалкам прысвяціць сябе добрым справам, — кажа Пол. — Гэта стала магчымым, калі мы з жонкай выйшлі на пенсію. Тут, у Беларусі, быў наш першы вопыт гуманітарнай дзейнасці. У будучым мы плануем пабываць з такой жа місіяй і ў другіх краінах.
У Пухавіцкі дом-інтэрнат арганізацыя «Сафія» паставіла прамысловую пральную машыну на 60 кілаграмаў бялізны і сушыльную машыну на 30 кілаграмаў бялізны, а таксама 10 шматфункцыянальных медыцынскіх ложкаў з матрасамі і два спецыяльныя матрасы для ляжачых хворых.
— Гэта дапамога не толькі значна аблегчыць працу работнікаў нашай пральні, але і дазволіць нам сэканоміць значныя сродкі, якія мы зможам перанакіраваць на рашэнне іншых важных задач, — кажа дырэктар псіханеўралагічнага дома-інтэрната Уладзімір Рымашэўскі. — Уявіце, што па дамове з КУП «Чайка» мы кожны месяц плацілі за мыццё пяці тон бялізны і адзення прыкладна 7 тысяч рублёў. Цяпер гэтыя аб’ёмы можна выканаць і ў нашай пральні.
Падчас візіту ў дом-інтэрнат валанцёры паспелі пагутарыць з пражываючымі, з персаналам, убачыць, як і чым жыве гэтая сацыяльная ўстанова. Пол і Уэндзі лічаць, што работнікі дома-інтэрната шчыра клапоцяцца пра хворых людзей, імкнуцца стварыць утульнасць і камфорт. І тое, што «Сафія» змагла дапамагчы ў гэтай добрай справе, усведамляць вельмі прыемна.
Алена ІВАНОВА.