На палях раёна масава вядзецца падкормка кукурузы

Механізатар Аляксандр Кікот.

Добры ўраджай — вынік  карпатлівай працы земляробаў на працягу ўсяго сезона. Уборка кукурузы пачнецца толькі  восенню, аднак гаспадаркі ўжо дбаюць пра ўраджайнасць “каралевы палёў”. На палях раёна гэтымі днямі масава вядзецца падкормка злакавай культуры.   

Земляробчай камандзе ААТ “Аграсімвал” трэба падкарміць кукурузу на 600 гектарах. Уносіць вадкія мінеральныя ўдабрэнні КАС на мінулым тыдні пачаў Алег Руды.  У панядзелак  Алега   Гена-дзьевіча змяніў Георгій Фурс. Гэтыя два механізатары з ліку вопытных работнікаў сельгасарганізацыі. За дзень яны ў сярэднім апрацоўвалі 50-60 гектараў.

З кукурузнага поля каля аграгарадка Бор земляробы пераехалі ў Ліпск. Тут мы і сустрэлі Георгія Фурса і Аляксандра Кікота. На адным полі яны працуюць не ўпершыню.

— У ААТ “Аграсімвал” я працую сем гадоў. Цяпер дастаўляю КАС. Таксама часта задзейнічаны на ворыве і культывацыі. Ворыва — мая любімая справа. Гэта, напэўна, перадалося ад бацькі, які ўсё жыццё прысвяціў працы ў  сельскай гаспадарцы, — расказаў Аляксандр Кікот.

Напярэдадні Уладзімір Мазанік правёў хімпраполку кукурузы. Тэмп работы земляробам, як звычайна, задае надвор’е. Спякота не лепшы таварыш для аграрыяў, таму яны з карысцю стараюцца выкарыстаць кожную хвіліну і падкарміць як мага больш пасеваў.

— Пазней,   калі  наступяць   сапраўды  гарачыя   дні, падкормку будзем пачынаць з самай раніцы, а пасля рабіць перапынак і працягваць увечары, —  гаворыць галоўны аграном гаспадаркі Марыя Цымановіч. — Нядаўні доўгачаканы дождж паспрыяў росту ўсіх раслін. Спадзяёмся, што ў бліжэйшы час прырода нас яшчэ не раз парадуе.

Хутка гаспадарка плануе прыступіць да ўборкі рапсу. Працоўны атрад ужо сфарміравалі.

Кацярына ВЕРНІКОЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *