Раённы краязнаўчы музей — не частка, а ўсё жыццё Аляксандра Прановіча

Ніколі не забуду, як у адным з лістоў да мяне рысы інтэлігентнасці вызначаў настаўнік Пухавіцкай сярэдняй школы Леў Пілатовіч. Маючы за плячыма філалагічную адукацыю, ён падкрэсліваў, што справа зусім не ў тым, каб мець значок і дыплом ВНУ. Інтэлігентнасць — гэта не толькі паводзіны. А хутчэй за ўсё, у сапраўднай інтэлігентнасці закладзены стаўленне да жыцця ўвогуле, разуменне свайго месца ў грамадстве, характар зносін з людзьмі, што знаходзяцца вакол цябе, імкненне перарабіць прастору, спрыяць нармальнай атмасферы ў сацыяльных зносінах. Так, Леў Іванавіч выкладаў усё гэта іншымі словамі, меў у тым нашым ліставанні канкрэтныя прыклады. І ўсё ж мелася на ўвазе інтэлігентнасць…

Успомнілася пра гэта ў дарозе, калі па шляху ў Мінск гутарылі з Аляксандрам Прановічам. Ці ў выхадны, ці ў будзённы дзень, бываючы на Пухавіччыне, у Мар’інай Горцы, стараюся зазірнуць у музей. Ведаю, што калі б ні патэлефанаваў Прановічу, ён абавязкова будзе ці на месцы ў карціннай галерэі, ці  планы свае выбудуе так, каб абавязкова сустрэцца. Яму цікавыя размовы, сустрэчы, яму цікава праверыць на людзях свае думкі, меркаванні, планы. Чалавек, якому ўжо за 70 гадоў, па-ранейшаму актыўны, разваротлівы, чуйны да ўсяго, што дзеецца навокал. Яму не патрэбны час на адпачынак. Раённы краязнаўчы музей, калектывам якога ён кіруе, — не частка, а ўсё яго жыццё.

Мне здаецца, што і музей у тым выглядзе, у якім яго ведаюць мар’інагорцы, пухавіччане, — з цэнтральнай сядзібай у Блоні, у маёнтку Бонч-Асмалоўскіх, карціннай галерэяй, мемарыяльным пакоем Алеся Бачылы, залай Якуба Коласа, філіяламі ў СШ № 3 і іншымі сваімі адрасамі, — ёсць яго, Аляксандра Прановіча, атаясамленне. Так, былі пачаткі, вытокі. Былі вядомыя на Пухавіччыне і за яе межамі краязнаўцы. Кожны з іх шмат чаго зрабіў, кожны пэўную сцежку праклаў… Як не назваць Сяргея Сіпача з яго гарэлецкай “партызанкай”! Як не назваць Віктара Арлова, які па крупінках збіраў самыя розныя памяткі ў школьных музеях У.І. Леніна і “Героі і подзвігі”!  Як не назваць тых, хто сваімі публікацыямі пашырыў веданне пра Пухавіччыну ў самыя гістарычныя часіны — Анатоля Ярохіна, Браніслава Зубкоўскага, Аляксандра Пікуліка… І, канешне ж, нельга не ўспомніць Васіля Свістуна:  гэта ж ён пачынаў ствараць раённы музей у Дукоры…

Па дарозе ў Мінск мы гутарылі з Прановічам пра клопаты на блізкую будучыню. Крыху — і пра тое, што няпроста музею працаваць як самастойнай гаспадарчай адзінцы.

У карціннай галерэі раённага музея пабывала  мастацкая выстава Хведара Ладуцькі. Зямляк-пухавіччанін, ён не так даўно адкрыў для сябе музей і галерэю ў Мар’інай Горцы. Дзякуючы найперш свайму сябру — жывапісцу і мастацтвазнаўцу Яўгену Шунейку. Той якраз многіх людзей прывёў у Мар’іну Горку. І з асаблівай асалодай пачаў нават пухавіцкія краявіды маляваць, пухавіччан на партрэты заносіць… Пасябраваўшы з Прановічам і з Мар’інай Горкай, Яўген Шунейка і сваёй вучаніцы Дар’і Раманенка ў час вучобы ў магістратуры даў заданне выканаць даследаванне па музеефікацыі мастацкай прасторы Пухавіччыны. Дакладней кажучы,  даў заданне апісаць як галерэю, так і ўсе памкненні дырэктара музея Аляксандра Прановіча па збіранні мастацкіх памятак Пухавіччыны, па ўшанаванні жыцця і творчасці розных мастакоў з пухавіцкай старонкі. А мастакоў адсюль, з Пухавіччыны, выйшла ў свет нямала: і Генрых Вейсенгоф — сярод іх. І Віталь Цвірка меў тут лецішча. І  скульптар Аляксандр Фінскі штораз на выхадныя дні сюды спяшаецца… Атрымалася ў выніку, лічы, манаграфія. І абаронена гэтая праца проста бліскуча.

А Прановіч зусім не сядзіць на месцы…

— Наспеў час зрабіць яшчэ адзін музейны філіял, — гаворыць ён у дарозе. — Ужо болей 15 гадоў я дапамагаю народнаму артысту СССР, кампазітару Ігару Лучанку ўпарадкаваць яго бацькоўскую сядзібу ў Мар’інай Горцы. Тут некалі жылі яго бацькі. Тым самым і рэчы кампазітара, і яго бацькоў зберагаюцца. А бацька, між іншым, пачынаў свае жыццёвыя дарогі як музыкант у вандроўнай трупе самога Уладзіслава Галубка!.. Ігар Міхайлавіч столькі зрабіў для Пухавіччыны, Мар’інай Горкі!.. І канцэртаў велізарную процьму даў, і ў традыцыйным музычным фестывалі ў Мар’інай Горцы ўдзельнічае… А колькі людзей ён да нас прывозіў! Тыя ж “Песняры” не адзін раз у Мар’інай Горцы выступалі.

Сапраўды (разважаю пра сябе, не перабіваючы Прановіча), як на мой прыватны погляд, такі філіял — з назвай, напрыклад, “Музей музычнай і тэатральнай гісторыі Пухавіччыны”, — мае самае што ні ёсць права на жыццё ў Мар’інай Горцы. Да матэрыялаў у яго экспазіцыі далучыліся б зборы цікавых дакументаў, кніг, фотаздымкаў і нават партрэтаў, якія расказалі б пра землякоў — Іосіфа Жыновіча з яго захапленнем цымбаламі, акцёраў Таццяну Бандарчык (нарадзілася ў Дукоры), Юлію Хіраска (яна нараджэннем з вёскі Омельна, з сям’і беларускага праваслаўнага святога Уладзіміра Хіраска, балерына, якая вучылася яшчэ ў студыі другога нашага земляка — Канстанціна Алексютовіча), Івана Шацілы… Пералік можна доўжыць. Музычная, тэатральная памяць пра наш край — гэта яшчэ і зварот да лёсаў прадстаўнікоў рода Ельскіх. Міхал Ельскі — славуты кампазітар дзевятнаццатага стагоддзя. Адным словам, экспанатаў, матэрыялаў для стварэння такога музея-філіяла хопіць.

…Дарога ў Мінск паціху завяршаецца. Падсумоўваем і мы сваю з Аляксандрам Аляксандравічам размову. А хацелася б яе доўжыць… Ды кожнага чакаюць свае справы, свае ўласныя клопаты. Хаця і дзень, здавалася б, у нас вольны — выхадны дзень… Наперадзе 75-годдзе з часу вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. А следам — і 75-годдзе Вялікай Перамогі. А, значыць, трэба ўспомніць і шмат каго з землякоў, хто аддаў свае жыцці за свабоду Айчыны, за тое, каб адолець фашызм… З такіх людзей — і падпалкоўнік Фёдар Смеяновіч. І шкада, што па сённяшні дзень няма ў Мар’інай Горцы вуліцы імя Фёдара Аляксеевіча Смеяновіча. Афіцэр-дэсантнік, ён з’яўляецца адным з першых выпускнікоў Аб’яднанай ваеннай беларускай школы (у 1929 годзе). Адзначаны за адзін з подзвігаў ордэнам Чырвонага Сцяга. Загінуў недзе на Дняпры ў 1943 годзе. А ў 1941 годзе паспеў закончыць Ваенную Акадэмію імя Міхаіла Фрунзэ. На Малай Зямлі камандаваў дэсантным палком. Аляксандр Аляксандравіч пагаджаецца: быць у Мар’інай Горцы вуліцы Фёдара Смеяновіча…

Музейнае, краязнаўчае святло такіх асоб, як Аляксандр Прановіч, прыўносіць у наша жыццё — ці то ў сталіцы, ці то ў рэгіёне, — сапраўдную інтэлігентнасць, сапраўднае святло чалавечнасці. Мусіць, на гэтым і жыццё трымаецца…

Алесь  КАРЛЮКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *