У Пухавіцкую сярэднюю школу завітаў пісьменнік Станіслаў Іванавіч Крэпскі
У кожнага з нас ёсць той куточак на зямлі, дзе мы нарадзіліся, з якога пачалося наша пазнанне свету — наша малая радзіма. Гэта святое месца, з якім чалавек ўсё яго астатняе жыццё звязаны моцнай нябачнай повяззю. Гэта зямля нашых бацькоў, дзядоў, маленькая, зусім непрыкметная кропачка ў вялікім Свеце, яна назаўсёды родная нашаму сэрцу і мае асаблівую прывабнасць, чароўную сілу.
У Пухавіцкую сярэднюю школу, да дзетак, якія адпачывалі на летняй пляцоўцы, завітаў цікавы госць, пісьменнік — Станіслаў Іванавіч Крэпскі. Чытачу, мабыць, вядомыя яго творы “Кросны жыцця”, “Зазірнуць за гарызонт”, “Маня-Марыя”.
Станіслаў Іванавіч нарадзіўся ў вёсцы Раўчак, якая знаходзіцца паблізу ад Пухавіч, і пухавіцкія мясціны для нашага госця — гэта яго малая радзіма, выток яго творчага натхнення. У Раўчаку ён скончыў пачатковую школу, потым вучыўся ў Пухавіцкай сярэдняй школе, у сценах якой і адбылася наша сустрэча.
Менавіта з аповеду пра сябе пачаў пісьменнік размову са школьнікамі. Па адукацыі Станіслаў Іванавіч — філолаг. У 1971 годзе ён скончыў філалагічны факультэт БДУ. Вялікую частку свайго жыцця прысвяціў службе ў арміі і ў Міністэрстве ўнутраных спраў. Ён з’яўляецца намеснікам кіраўніка асацыяцыі праваахоўных органаў “Шчыт Чарнобыля”. Станіслаў Іванавіч мае званне падпалкоўніка ўнутранай службы ў запасе. Шмат гадоў працаваў выкладчыкам у Мінскім дзяржаўным каледжы электронікі, аўтар шматлікіх метадычных распрацовак заняткаў па дапрызыўнай падрыхтоўцы юнакоў. З 2017 года працуе выкладчыкам у Мінскім прафесійным ліцэі № 7 будаўніцтва.
На нашу сустрэчу Станіслаў Іванавіч прыйшоў разам з унучкай Арынай. Справа ў тым, што літаратурнай творчасцю ён пачаў займацца з 2002 года, у той час, калі ў яго нарадзілася ўнучка. Ёй прысвечана першая ілюстраваная кніжка “Дзедавы калыханкі”. Зараз Арына Клімовіч — вучаніца 9 класа СШ №23 горада Мінска, а падчас школьных канікул наведваецца ў Пухавічы. Разам з дзядулем яны падарожнічаюць па пухавіцкіх ваколіцах на веласіпедах, распытваюць гісторыю навакольных вёсак у мясцовых старажылаў.
Дзяўчынка таксама вельмі цікавіцца сваімі каранямі. Дарэчы, Арына друкавалася ў “Белорусской военной газете. “Во славу Родины” з артыкулам “Мой прадедушка — воин”. Паступова быў сабраны цікавы матэрыял, які стаў асновай для напісання Арынай краязнаўчага нарысу “Тапаніміка роднага краю” аб паходжанні назваў населеных пунктаў, вуліц, сабраны цікавыя гісторыі і паданні аб пухавіцкіх мясцінах. Вучні з захапленнем слухалі, калі яна распавядала пра паноў Пуховічаў, якія далі назву нашаму паселішчу, іх суседзяў — заможных паноў Ваньковічаў, чаму вуліца Кастрычніцкая раней называлася Перавознай, а пухавіцкая гара, з якой так хораша скаціцца зімой на санках, празвана Галынкай.
Пра многія невядомыя факты з гісторыі сваёй малой радзімы даведаліся школьнікі. Напрыканцы, на памяць аб цікавай сустрэчы, пісьменніку і яго ўнучцы была ўручана перададзеная Пухавіцкім краязнаўчым музеем кніга “Памяць. Пухавіцкі раён”, а Станіслаў Іванавіч, у сваю чаргу, падараваў Пухавіцкай сярэдняй школе свае кнігі з аўтографамі.
Святлана Раўтовіч,
загадчыца Пухавіцкай сельскай бібліятэкі.