Свой векавы юбілей сустракае Вольга Аляксандраўна Шахоцька з вёскі Падліпкі

Вольгу Аляксандраўну Шахоцька віншуюць работнікі Дукорскага сельвыканкама Алена Лешчанка і Святлана Ляшковіч.

Вольга Аляксандраўна Шахоцька з вёскі Падліпкі Дукорскага сельсавета дакладна не ведае день і месяц свайго нараджэння. У метрычнай кнізе гэтыя звесткі не захаваліся,  бо з моманту запісу мінула… сто гадоў. У пашпарце жанчыны пазначаны толькі год нараджэння — 1918. Але ж асабістае свята павінна быць у кожнага чалавека, таму родныя звычайна віншуюць Вольгу Аляксандраўну ў пачатку ліпеня.

Жыццё даўжынёй у стагоддзе… Цяжка ўявіць, колькі знакавых падзей перажыла жанчына. Раней яна шмат расказвала дзецям і ўнукам пра былыя гады.  Сям’я занатавала ў памяці гісторыю лёсу маці і бабулі, каб перадаваць яе іншым пакаленням.

— Нарадзілася мама ў Чэрвеньскім раёне. У Падліпкі пераехала пасля замужжа, — пачынае аповед пра самага дарагога чалавека малодшы сын Іван. —  Мае бабуля і дзядуля памерлі рана. Прыкладна ў дзесяцігадовым узросце мама і яе сястра засталіся без бацькоў.  Пасля ў хаце яны жылі  адны.  Суседзі дапамагалі дзяўчынкам, аднак на гэтым іх бестурботнае дзяцінства скончылася.

Вялікая Айчынная вайна таксама не абышла Вольгу Шахоцька. У адзін момант яе жыццё ледзь не абарвалася. Нехта сказаў немцам, што дзяўчына — партызанка. Адзін з фрыцаў ужо вёў яе на расстрэл. На шчасце, гэта ўбачыла суседка і, узяўшы кошык  з прадуктамі, стала слёзна прасіць адпусціць суседку. Немец, на шчасце, захаваў жыццё сённяшняй юбілярцы.

Пасля вайны Вольга Аляксандраўна працавала  ў калгасе. Жанчына выконвала ўсе віды работ. Пастаянна была ў перадавіках, выконвала ў дзень некалькі норма-змен. А дома чакалі дзеці. Муж памёр рана, і Вольга Шахоцька адна выхавала трох сыноў. Адзін, на жаль,  ужо пайшоў з жыцця.

Юбілярка разам з сынамі Міхаілам, Іванам і ўнучкай Вольгай.

— Мы ўдзячны маме за тое, якімі выраслі. Яна выхавала з нас добрых людзей, навучыла ўсяму, што ўмела сама, — гавораць сыны Іван і Міхаіл. — Наша мама  — самая лепшая ў свеце. Цяга да працы ў яе засталася. Яна і цяпер гатова штодзень чысціць бульбу, але надышла наша чарга клапаціцца пра самага роднага чалавека.

Свой векавы юбілей жанчына сустракае сярод самых блізкіх. Старэйшы сын Міхаіл заўсёды побач. З Мінска прыязджае малодшы Іван разам з жонкай Маяй і дачкой Вольгай, якую назвалі ў гонар бабулі. Унук Яўген знайшоў сваю палавінку, таксама Яўгенію. Яны падаравалі Вользе Аляксандраўне праўнукаў Ангеліну і Пашку.

Да юбіляркі мы завіталі разам са старшынёй Дукорскага сельвыканкама Святланай Ляшковіч і кіраўніком справамі Аленай Лешчанка. Жанчына шчыра радавалася гасцям. За падарункі аддзячыла ім песнямі. У маладосці Вольга Аляксандраўна была лепшай спявачкай у вёсцы. І цяпер яна з радасцю заводзіць песню, быццам  насуперак гадам і перажытым бедам.

Кацярына ВЕРНІКОЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *