Святкавала Пухавіччына

Дружны-Свіслач

З мітынга-рэквіема каля брацкай магілы на Дукорскіх могілках  пачалося для жыхароў рэгіёна святкаванне Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Ускладаць кветкі тым, хто аддаў сваё жыццё за мірную будучыню нашчадкаў, стала для жыхароў сель-скага Савета традыцыяй. Ва ўрачыстых мерапрыемствах прынялі ўдзел працаўнікі прадпрыемстваў, арганізацый, школьнікі і, зразумела, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны.

Святкаванне працягвалася ў пасёлку Свіслач, дзе арганізавалі выступленне  творчых калектываў, работу гандлёвых кропак.

Пазней да святкавання далучыліся жыхары Дружнага. Там надвор’е прымусіла  сабрацца ў памяшканні Дома культуры, дзе таксама адбыўся святочны канцэрт, у якім выступілі творчыя калектывы.

— Асабліва цёпла прымалі нумары, падрыхтаваныя дзецьмі, у тым ліку выхаванцамі студыі “Яблык”, — гаворыць старшыня сельвыканкама Леанід Нячуйвіцер. — Яшчэ, думаю, запомніцца дэманстрацыя фільма, складзенага  самімі дружненцамі з некалькіх стужак пра Беларусь. Гледачы яшчэ раз пераканаліся, якая прыгожая ў нас краіна і як многа на яе тэрыторыі цікавых мясцін. Хочацца падзякаваць за сумесную работу па падрыхтоўцы святочнай праграмы кіраўнікам  Дамоў культуры Алене Гаранчук і Людміле Саланец.

Праўдзінскі

Асаблівым стаў гэты дзень для жыхароў пасёлка Праўдзінскі. Традыцыйнае свята набыло сёлета зусім іншы маштаб. У гэтым вялікая заслуга маладога старшыні сельвыканкама Уладзіміра Губарэвіча, для якога Дзень Незалежнасці стаў своеасаб-лівым дэбютам на новай пасадзе, магчымасцю больш цесна пазнаёміцца з жыхарамі і паказаць, што разам можна зрабіць жыццё больш цікавым.

Усё пачалося з урачыстага ўскладання кветак да помніка тым, хто змагаўся за свабоду і незалежнасць краіны.

У пасёлку працавалі атракцыёны, былі арганізаваны выстава майстроў і майстар-класы, выступленне воінаў-спецназаўцаў і смачная салдацкая каша. Амаль кожны паспеў зрабіць фотаздымак на памяць аб гэтым дні ў спецыяльна арганізаванай і аформленай ў нацыянальным беларускім стылі фотазоне. Многія паўдзельнічалі ў спартыўных мерапрыемствах, пакаталіся  на конях.

На памяць аб свяце ў праўдзінцаў застануцца сувенірныя магніты з гліны, зробленыя педагогамі школы мастацтваў. Гліну спецыяльна прывезлі з “Дукорскага маёнтка”.

Увечары шматлюдна было на святочным канцэрце. Аж на чатыры гадзіны хапіла мясцовых талентаў, якія падарылі землякам цудоўны настрой.

З гэтым настроем праўдзінцы сабраліся для таго, каб прыняць удзел у акцыі “Спяваем Гімн разам”. Акцыя праходзіла ў пасёлку ўпершыню. Таксама, як і святочны салют, паглядзець на які прыйшлі ледзь не ўсе жыхары.

Шмат добрых слоў прагучала ў адрас Уладзіміра Губарэвіча, які таксама быў удзячны землякам за падтрымку і ініцыятыву.

Алена  ІВАНОВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *