Дзень паселка: сюрпрызаў хапіла на ўсіх
У Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь жыхары Рудзенска адзначылі яшчэ адну вельмі важную для пасёлка дату — 145-годдзе з дня яго ўтварэння.
— Мне хацелася, каб гэтае свята стала для нас не проста чарговай нагодай успомніць нашу гісторыю, але і падставай стаць бліжэй адзін да аднаго, пачатковай кропкай для новых карысных спраў, — расказвае старшыня сельсавета Наталля Крыварукава. — Я ўдзячна ўсім, хто адгукнуўся на мае прапановы і падтрымаў ініцыятывы. Буду спа-дзявацца, што нешта новае прыжывецца і стане традыцыяй.
“Немалады” Рудзенск выглядаў у святочны дзень, між іншым, молада. У цэнтры пасёлка было ажыўлена, шматлюдна, нягледзячы на дажджлівае надвор’е. Парадавацца за сваіх землякоў, якіх адзначалі на ўрачыстым уручэнні ўзнагарод, прыйшлі калегі па працоўных калектывах, родныя і блізкія, суседзі і сябры. Апладысментаў лепшым людзям пасёлка не шкадавалі.
— У першую чаргу мы павіншавалі нашых паважаных ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны Пятра Лешчанку і Міхаіла Пацыёру, якому ўручылі юбілейны медаль, — гаворыць Наталля Анатольеўна. — На жаль, з кожным годам усё менш побач з намі прадстаўнікоў пакалення вызваліцеляў, якія заваявалі для нас магчымасць быць незалежнымі і шчаслівымі. Але мы памятаем кожнага свайго земляка, які аддаў жыццё ў вайне з фашызмам.
Абавязковым і традыцыйным у юбілей становіцца ўшанаванне лепшых працаўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый рэгіёна. На сцэну падымаліся Валянцін Гілеўскі, Аляксандр Лагун, Валянціна Янчэўская, Людміла Юркевіч, Валянціна Прыбыш, Генадзь Дзярызямля, Надзея Хоміч. Гэтых людзей, якія шмат гадоў працуюць на вытворчасці і ў арганізацыях сацыяльнай сферы, у Рудзенску ведае практычна кожны жыхар. Таму ўзнагароды ім зусім не выпадковыя.
Былі ўзнагароджаны ў намінацыі «Работнік года» прадстаўнікі многіх арганізацый Рудзенска: работнікі сельгасвытворчасці (аператар машыннага даення Таццяна Равуцкая), прадпрыемстваў (начальнік аддзела кадраў ААТ «Рудзенск» Святлана Апаровіч, майстар УП «Жылцепласэрвіс» КГ Ірына Матусевіч), медыкі (медсястра Марыя Александровіч), педагогі (Юльяна Даніэль) і работнік культуры Людміла Лухверчык.
Адзначылі на свяце найстарэйшую жыхарку пасёлка Ганну Стром, якая нарадзілася 1 студзеня 1922 года, а таксама самую маленькую дзяўчынку Паліну Бохан і маладую сям’ю Канстанціна і Алены Леўчык.
Упершыню дзякуючы падтрымцы ЗАТ «Август-Бел» сертыфікаты на 100 рублёў уручылі на свяце лепшым школьнікам.
У гэты дзень працаваў кірмаш вакансій ад ААТ «Рудзенск», былі арганізаваны выставы, працавалі гандлёвыя кропкі. Прыемным сюрпрызам стала выступленне воінаў-спецназаўцаў і салдацкая каша. Настрой землякам падтрымлівалі мясцовыя артысты.
А вечарам жыхары пасёлка з задавальненнем назіралі, як зорнае неба расквеціў святочны салют.
Алена ШАНТЫКА