Абмеркавалі пытанні абыходжання з адходамі
У Мар’інай Горцы на мінулым тыдні прайшоў семінар па пытаннях абыходжання з адходамі электрычнага і электроннага абсталявання (АЭЭА) і кампасціравання арганічных адходаў. Мерапрыемства праводзілася ў рамках праекта «Развіццё паслуг у сферы кіравання адходамі для сельскага насельніцтва Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці», што фінансуецца Еўрапейскім саюзам.
Гасцямі Пухавіччыны сталі прадстаўнікі прадпрыемстваў ЖКГ, інспекцый прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Мінскай вобласці.
На семінары разгледзелі вопыт распрацоўкі і рэалізацыі стратэгіі інтэгрыраванага кіравання адходамі электрычнага і электроннага абсталявання ў раёне, а таксама вопыт інфармацыйнай работы з жыхарамі.
— За апошнія 2,5 гады (час работы ў рамках праекта) Пухавіцкаму раёну ўдалося істотна палепшыць матэрыяльную базу для збору электронных і электрычных адходаў, — падкрэсліў у сваім выступленні намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Андрэй Крэмень.— Дзякуючы рэалізацыі праекта Еўрапейскага саюза стала магчымай закупка тэхнікі (бульдозер для ліквідацыі стыхійных звалак і мікрааўтобус для збору тэхнікі ад насельніцтва), а таксама спецыяльнага абсталявання, кантэйнераў. Шмат што змянілася за гэты час. Лічбы кажуць самі за сябе: калі за мінулы год было сабрана 2,1 тоны адходаў электрычнага і электроннага абсталявання, то ў гэтым — ужо 25 тон. Устаноўка кантэйнераў у арганізацыях і школах дазволіла сабраць 2 тоны адпрацаваных батарэек. Але галоўнае — работа па фарміраванні новага стаўлення насельніцтва да беражлівага выкарыстання рэсурсаў.
Удзельнікі семінара абмеркавалі актуальныя пытанні па развіцці сістэмы збору АЭЭА ў рэспубліцы, вынікі іх збору ў мінулым і бягучым годзе. У абмеркаванні прыняў удзел намеснік генеральнага дырэктара ГА «ЖКГ Мінскай вобласці» Андрэй Шульга.
Пасля пленарнага пасяджэння госці Пухавіччыны наведалі Мар’інагорскую гімназію, дзе ім прадставілі вынікі працы па кампасціраванні арганічных адходаў і фарміраванні “зялёнага даху” (на здымку), а таксама станцыю сартавання адходаў, на тэрыторыі якой нядаўна быў адкрыты склад для часовага захоўвання адходаў электрычнага і электроннага абсталявання. Там жа ўдзельнікі семінара ўбачылі, як працуе набыты ў рамках праекта прэс для пластыкавых бутэлек.
Арганізатарамі семінара выступілі ГА «Жыллёва-камунальная гаспадарка Мінскай вобласці», Пухавіцкі райвыканкам, МГА «Экапартнёрства».
Алена МАКСІМАВА.