Свята прыйшло ў Лешніцу

Вёска Лешніца — месца ў нашым раёне знакавае. Тут у 1918 годзе нарадзіўся  паэт, заслужаны дзеяч культуры Беларускай ССР, аўтар верша “Радзіма мая дарагая” Алесь Бачыла. Менавіта свайму знакамітаму земляку мясцовыя жыхары прысвяцілі свята вёскі, якое адбылося 21 ліпеня.

— Рыхтавацца да яго мы пачалі яшчэ з восені мінулага года, — расказала адна з арганізатараў мерапрыемства Таццяна Бублікава. — Першае,  што зрабілі — звярнуліся ў Саюз пісьменнікаў Беларусі і прапанавалі адзначыць стогадовы юбілей Алеся Бачылы. У працэсе супрацоўніцтва нарадзілася ідэя падзяліць святкаванне на два этапы. Першым стаў  літаратурны конкурс “Радзіма мая дарагая”, у якім запрасілі прыняць удзел беларускіх паэтаў. Другую частку было вырашана правесці ўлетку на радзіме Алеся Бачылы ў вёсцы Лешніца.

Сын Алеся Бачылы Мікалай і дырэктар раённага краязнаўчага музея Аляксандр Прановіч.

На свята прыехала шмат ганаровых гасцей.  Пачэснае месца сярод іх займалі родныя паэта  — сын Мікалай, які зараз жыве ў Маскве, унук  Арцём і праўнучка Марына.

Унук Алеся Бачылы Арцем і праўнучка Марына.

Мікалай Аляксандравіч выказаў падзяку арганізатарам свята і жыхарам вёскі за тое, што яны зберагаюць памяць пра яго бацьку. Ён падкрэсліў, што для  Алеся Бачылы, як і для многіх людзей, якія прайшлі вайну, словы “любоў да Радзімы” не былі проста словамі — ён з гэтым жыў. Паэт з вялікай павагай адносіўся да людзей і выклікаў да сябе давер у іншых.

Арцём нарадзіўся ўжо пасля таго, як яго знакаміты дзед пайшоў з жыцця. У Лешніцу са сваёй сям’ёй ён прыехаў упершыню. І быў уражаны тым, колькі людзей ведае пра Алеся Бачылу. Арцём  лічыць, што ад дзеда яму перадалася любоў да беларускай мовы, хаця  з гуманітарнай сферай ён ніяк не звязаны  (па прафесіі ён інжынер).

Цікаўнасць у мясцовых жыхароў выклікалі выставы кніг і дакументаў, якія падрыхтавалі цэнтральная раённая бібліятэка і раённы краязнаўчы музей.  І  кіраўніку раённай сеткі публічных бібліятэк Але Андросавай, і дырэктару музея Аляксандру Прановічу давялося адказаць на шматлікія пытанні, якія ўзнікалі і ў людзей сталага ўзросту, і ў моладзі.

Не забыліся мясцовыя жыхары і пра іншых сваіх знакамітых землякоў. У спецыяльна зробленай да свята насценнай газеце можна было прачытаць інфармацыю пра 16 ураджэнцаў Лешніцы, якімі  ганарацца аднавяскоўцы. Сярод іх і навукоўцы, і юрысты, і будаўнікі, і проста актыўныя і неабыякавыя людзі.

Імёны многіх з іх называлі і падчас святочнай праграмы,  на якую запрасілі ўсіх жыхароў не толькі вёскі, але і наваколля. Удзельнікаў свята віталі намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і  па справах моладзі райвыканкама Наталля Бародзька, старшыня Голацкага  сельвыканкама Віктар Малуха.

Марыя Ладуцька.

Сельскі выканаўчы камітэт аказаў дапамогу  ў набыцці падарункаў для тых жыхароў вёскі, якіх арганізацыйны камітэт вылучыў як самых-самых, а Віктар Генадзьевіч узнагародзіў  іх. У намінацыі “Старэйшы жыхар вёскі” падарунак атрымала Марыя Ладуцька. Лепшым пчалаводам сярод аднавяскоўцаў быў прызнаны Аляксандр Асташонак, а лепшым садаводам — Віктар Камлюк. Лепшай у вёсцы была названа гаспадарка Людмілы Жуковіч, а вось лепшай гаспадыняй стала Святлана Дземідовіч.  За актыўны ўдзел у жыцці вёскі ўзнагароды атрымалі  Віктар Ажаронак і Валянціна Ладуцька.

Таццяна Бублікава і Валянціна Ладуцька.

Валерый Мазоўка быў прызнаны  “Чалавекам Года малой радзімы”.  Ён — заслужаны будаўнік Рэспублікі Беларусь, старшыня Назіральнага савета ЗАТ «Трэст Прамбуд». І ён шмат зрабіў для таго, каб гэтае свята адбылося.

Валерый Мазоўка.

Як і абяцалі, адзначыць разам з жыхарамі вёскі юбілей Алеся Бачылы прыехалі прадстаўнікі Саюза пісьменнікаў Беларусі — пераможцы конкурсу “Радзіма мая дарагая”, вынікі якога былі падве-дзены  на  XXV Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы.   Удзельнікаў свята віталі намеснік старшыні грамадскага аб’яднання «Саюз пісьменнікаў Беларусі» Алена Стэльмах і старшыня Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Святлана Быкава, паэт Канстанцін Цыбульскі. У выкананні гасцей са сцэны гучалі вершы, прысвечаныя малой радзіме. Творы самога Алеся Бачылы  прачыталі вучні Зазерскай сярэдняй школы, якія да дня нараджэння паэта падрыхтавалі літаратурна-музычную кампазіцыю.

Падтрымаць святочны настрой дапамагалі вядомыя беларускія выканаўцы: заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Валерый Дайнэка,  салісты  заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь, ансамбля народнай музыкі “Бяседа”, заслужаная артыстка Беларусі  Святлана Суседчык і Валянцін Кірыленка, фіналіст конкурсу “Талент краіны” Раман Кірыленка. Цёпла сустракалі жыхары Лешніцы шоу казачай песні і танца “Маме падабаецца”, цыганскі ансамбль “Алюр”, а таксама юных выканаўцаў,   якія падрыхтавалі свае музычныя падарункі жыхарам вёскі.

Зямля, на якой нарадзіўся, заўсёды прыцягвае да сябе. Гэта добра адчувалася падчас свята ў Лешніцы. У вёсцы зараз пастаянна пражывае два дзясяткі чалавек, а на святочнай паляне сабралася больш за сотню. І ўсіх іх аб’яднала малая радзіма.

Наталля ПАРХОМЧЫК.

 

 

Алесь  БАЧЫЛА

ЛЕШНІЦА

Без цябе нават мара здаецца бяскрылаю,

Без цябе і ў жыцці не пакінуў бы след…

Я не знаю, ці птушкі вяртаюцца з выраю

У тыя гнёзды, адкуль выпраўляліся ў свет.

Я ж цябе, быццам матчынай ласкі, трымаюся.

І ў якіх ні блукаў бы далёкіх краях,

Дзе б ні быў, а заўсёды ў пачуццях вяртаюся

Да цябе, мая Лешніца, вёска мая;

Да сваіх землякоў, з кім быў лёсам заручаны,

Дарагіх успамінаў дзіцячай пары…

Мне і сёння паводкай шуміць Закаблучанка,

Шэпчуць гонкія сосны з Высокай гары.

І здаецца, ізноў наўскасяк, запацелы, я

То спакойна, то ўподбег мінаю жыты

І нырцую ў гушчэчу грыбную Гарэлага,

Дзе гучыш пераклічкамі, Лешніца, ты;

Дзе асіннікі ўсе і ўсе ельнікі зведаны…

А як вечар задрэмле ў туманных лугах,

«Летня ночка каротка…» — выцягвае Хведарка,

Аж чуваць гэта песня ў зарэчных Барках.

Заміраюць над Свіслаччу вольхі пахілыя,

І не могуць спакойна ўстаяць чараты…

І бяжыш, о дзяцінства далёкае, мілае,

Хлапчуком басаногім па ржэўніку ты.

Пазайздрошчу табе, і прыветна ўсміхаюся

І дарогам, і нівам, і ціхім гаям,

І малым ручайком веснавым уліваюся

У твае чыстыя воды, радзіма мая.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *