Ігар Міхайлавіч Лучанок адзначыў сваё 80-годдзе
«Мой родны кут», «Жураўлі на Палессе ляцяць», «Спадчына», «Алеся», «Вераніка», «Майскі вальс», «Дарагія мае землякі», «Верасы», «Хатынь», «Калі б камяні маглі гаварыць», «Пісьмо з 45-га». Калі б кампазітар Ігар Лучанок напісаў нават адну з гэтых песень, яго імя ўсё роўна назаўсёды засталося б у гісторыі беларускага музычнага мастацтва. На самай справе Ігар Лучанок — аўтар 400 песень, шматлікіх кантат, санат, вакальных цыклаў, музыкі да кінафільмаў. Ён напісаў гімн Саюзнай дзяржавы. Мелодыю яго «Песні пра Мінск» кожную гадзіну адбіваюць куранты на Мінскай ратушы.
Ігар Лучанок — чалавек, чыя творчасць стала цэлай эпохай у развіцці музычнага мастацтва. І як прыемна ўсведамляць, што ён мае непасрэдную сувязь з нашым краем. Ігар Міхайлавіч нарадзіўся 6 жніўня 1938 года ў Мінску, праз тры месяцы сям’я пераехала ў Мар’іну Горку. У час вайны, з 1942 по 1946 год, Лучанкі жылі ў Сальску ў Растоўскай вобласці. А потым зноў вярнуліся ў Мар’іну Горку, дзе бацька кампазітара працаваў галоўным урачом чыгуначнай паліклінікі.
Будучы кампазітар захапіўся музыкай яшчэ ў дзяцінстве. Спачатку закончыў музычную школу па класе піяніна і цымбалаў, у 1961 годзе — Беларускую дзяржаўную кансерваторыю, стажыраваўся ў Ленінградскай кансерваторыі, у 1967 годзе скончыў аспірантуру Маскоўскай кансерваторыі. Працаваў выкладчыкам музыкі, з 1982 па 1986 год — рэктар Беларускай кансерваторыі.
Творчы шлях Ігара Лучанка пачаўся ў 60-я гады. У 1966 годзе на першым Усесаюзным конкурсе савецкай песні з баладай «Памяць сэрца» кампазітар Ігар Лучанок, паэт Міхаіл Ясень і спявак Віктар Вуячыч сталі пераможцамі сярод знакамітых аўтараў і выканаўцаў.
Потым былі камсамольскія пуцёўкі на ўдарныя будоўлі. З канцэртнымі брыгадамі малады кампазітар ездзіў па розных рэспубліках Савецкага Саюза і ў замежныя краіны. Так нараджаліся новыя песні «Мы идем по стране», «Песня памяти Виктора Хары», «Комсомольская юность», «Стоят на рейде наши бригантины» і многія іншыя.
Ігар Міхайлавіч заўсёды любіў народную песню, ездзіў па Беларусі ў фальклорныя экспедыцыі і працаваў у розных жанрах. З яго твораў фарміраваліся рэпертуары Іосіфа Кабзона, ансамбля «Песняры», аркестра Міхаіла Фінберга. Песні Лучанка з поспехам выконвалі Сафія Ратару, Валянціна Талкунова, Леў Лешчанка, Эдуард Хіль, Віктар Вуячыч, ансамблі «Сябры», «Верасы». Ігар Лучанок называе Уладзі-міра Мулявіна самародкам, які прыехаў з Свярдлоўска і зрабіў рэвалюцыю ў савецкай эстрадзе, у сучаснай беларускай музыцы. Кампазітар перакананы, што лепш за Мулявіна яго песню «Жураўлі на Палессе ляцяць» ніхто не спяе. Ігар Міхайлавіч займаў актыўную жыццёвую пазіцыю, працаваў з моладдзю.
Ён узначальваў журы «Славянскага базару». Абласны фестываль народнай творчасці «Напеў зямлі маёй», які атрымаў прапіску ў Мар’інай Горцы, не раз праходзіў з удзелам знакамітага земляка. Па яго ініцыятыве на нашай зямлі нарадзіўся яшчэ адзін музычны фестываль — «Майскі вальс».
Жыхары раёна ведаюць свайго земляка і ганарацца ім. У раённым краязнаўчым музеі ёсць экспазіцыя, прысвечаная творчасці Ігара Лучанка. На былым будынку чыгуначнай амбулаторыі прымацавана памятная шыльда аб тым, што ў нашым горадзе жыў знакаміты кампазітар. Ёсць прапанова стварыць музей кампазітара ў яго родным доме, які стаіць на адной з ціхіх вуліц Мар’інай Горкі. Сюды часта прыязджае Ігар Міхайлавіч. У нашым горадзе ў яго шмат сяброў і добрых знаёмых, якія рады кожнай добрай падзеі ў жыцці кампазітара. У панядзелак старшыня Саюза кампазітараў, Заслужаны дзеяч мастац-тваў Беларускай ССР, Народны артыст Беларускай ССР, Народны артыст СССР, Заслужаны дзеяч культуры Польшчы, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР, шматлікіх узнагарод і конкурсаў, уладальнік імянной зоркі на Плошчы Зорак Эстрады каля канцэртнай залы «Расія» ў Маскве Ігар Міхайлавіч Лучанок адзначыў сваё 80-годдзе. Да юбілею Ганаровага грамадзяніна Мінска ў сталіцы адкрыта выстава, быў зняты і фільм пра вядомага кампазітара. Выставы, прысвечаныя Ганароваму грамадзяніну Мар’інай Горкі, арганізаваны і ў нашым раёне. Хочацца спадзявацца, што не забыліся пра юбілей свайго Ганаровага грамадзяніна і ў горадзе Сальску Растоўскай вобласці. Бо на песнях Ігара Лучанка вырасла не адно пакаленне, гэта залатая спадчына беларускага музычнага мастацтва.
А песня «Мар’іна Горка» будзе заўсёды візітнай карткай нашага горада.
Вольга ЛУГАВАЯ.