Перапынкі кароткія — чакае поле

Старшыня Мінскага абкама прафсаюза работнікаў АПК Міхаіл Бода (справа) віншуе працаўнікоў ААТ “Племянны завод “Індустрыя” Мікалая Пашкова, Ігара Цацукевіча і Сяргея Ляшчынскага.

На палях Пухавіччыны актыўна працягваецца ўборка ўраджаю. Камбайнеры  і   вадзіцелі спыняюцца толькі дзеля таго, каб паабедаць. Яшчэ адна прычына  кароткачасовых перапынкаў —  цырымоніі  ўзнагароджання лепшых хлебаробаў. На мінулым тыдні яны прайшлі  на  палетках  ААТ  “Племянны завод “Індустрыя” і  “Голацк”. 

Павіншаваць першага тысячніка  з  ААТ  “Племзавод  “Індустрыя”  Сяргея  Ляшчынскага  прыехалі старшыня Мінскага абласнога   Савета    дэпутатаў  Наталля Якубіцкая, старшыня  Пухавіцкага райвыканкама Сяргей  Ленкавец. Яны падкрэслілі, што ўборка ўраджаю — няпростая і адказная пара, і пажадалі ўсяму калектыву гаспадаркі моцнага здароўя і працоўных поспехаў.

Старшыня Мінскага абкама прафсаюза работнікаў АПК Міхаіл Бода і яго калега з райкама прафсаюза работнікаў АПК Людміла Ленкавец уручылі падзякі і падарункі Юрыю Войнічу і Ігару  Цацукевічу, якія  ў ліку лепшых вадзіцеляў сёлетняга жніва.

Юрый  Войніч  у сельгасарганізацыі працуе даўно: да аб’яднання дзвюх гаспадарак працаваў у  “Пухавічах”. Шматлікіх грамат і падзяк  атрымаў за гэтыя гады нямала.  Яго калега Ігар  Цацукевіч уладкаваўся ў “Індустрыю”  ў сакавіку, але і яго скарбонка прафесійных узнагарод не пустая. Да арміі і пасля службы Ігар Аляксандравіч працаваў у гаспадарцы вадзіцелем. У юнацтве працаваў  і камбайнерам. За рулём мужчына ўсё жыццё.

Старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Наталля Якубіцкая віншуе слесара ААТ “Голацк” Аляксандра Хадыку.

— Калісьці я ездзіў у міжнародныя рэйсы на фурах, таксама працаваў вадзіцелем  на аўтамабілі хуткай дапамогі, — расказвае Ігар Аляксандравіч. — Заўсёды дзейнічае правіла: як тэхніку падрыхтуеш, так і будзеш ездзіць. Напярэдадні жніва стараліся і мы, вадзіцелі, і ўсе камбайнеры. Хацелася б, канешне, большы ўраджай, тады б нашы паказчыкі былі яшчэ лепшымі.

Падарунак атрымаў таксама механізатар Мікалай Пашкоў, які займаецца прэсаваннем саломы, і дырэктар гаспадаркі Ілья Змачынскі. Святочны настрой лідарам жніва ствараў народны фальклорны калектыў “Зарачанка”.

На голацкіх палетках цырымоніі ўзнагароджання праходзяць даволі часта, бо работнікі гэтай гаспадаркі пастаянна задаюць тэмп уборачнай кампаніі. Чарговыя ўзнагароды атрымалі перадавыя экіпажы Аляксандра   Расолькі  і   Яўгена Кубры, Алега  Маркава і Рыгора  Вярэніча. Падзякі ад Мінскага  абкама прафсаюза работнікаў АПК атрымалі таксама камбайнер Аляксандр Лях і слесар Аляксандр Хадыка. Госці пацікавіліся ў  кіраўніцтва гаспадаркі пра ход уборачнай кампаніі. Кароткая размова адбылася і з хлебаробамі, бо часу   ў іх няма. Чакае поле.

Кацярына  ВЕРНІКОЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *