У школах раёна празвінелі першыя званкі

Першага верасня пачаліся заняткі ў 26 агульнаадукацыйных установах раёна. На святочных лінейках першы званок прагучаў для больш чым 6800 школьнікаў. Па-сапраўднаму першым ён стаў для 750 першакласнікаў, якія зрабілі ў гэты вераснёўскі дзень свае першыя крокі ў краіну ведаў. А вось для 250 вучняў 11-х класаў наперадзе фінішная прамая. Таму нельга не заўважыць асаблівага хвалявання, якое звычайна адчуваюць самыя старэйшыя і самыя малодшыя школьнікі — героі вераснёўскіх школьных лінеек.

У школе № 1 пасёлка Дружны пляцоўкай для правядзення святочнай лінейкі штогод становіцца школьны стадыён: інакш не хапіла б месца для педагогаў, вучняў і іх бацькоў. Гэтая школа — самая вялікая ў раёне: колькасць вучняў перавышае 1200.
Адных толькі класаў з лічбай «1» налічваецца шэсць. За парты сёлета сеў 161 першакласнік.
З прывітальным словам да школьнікаў і педагагічнага калектыву звярнуўся старшыня раённага выканаўчага камітэта Сяргей Ленкавец. Ён адзначыў, што ў Пухавіцкім раёне ўдзяляецца шмат увагі паляпшэнню матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі, удасканальваецца арганізацыя харчавання школьнікаў, набываецца сучаснае абсталяванне, спартыўны інвентар. Так, у бягучым годзе адрамантавана кроўля школы № 1 пасёлка Дружны, закуплены камп’ютарны клас, набыта тэхналагічнае абсталяванне для сталовай. Плануецца адкрыццё ў школе яшчэ аднаго камп’ютарнага класа, набыццё мэблі, замена аконных блокаў. Да канца года на гэтыя мэты будзе асвоена каля 70 тысяч рублёў.
Таксама пажадалі школьнікам поспеху ў вучобе, творчай дзейнасці і спорце начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Сяргей Усік і дырэктар школы Лілія Шчаглова. А першы званок абвясціў пачатак новога навучальнага года, і школьнікі накіраваліся ў класы на першы ўрок.
Падарункі ў чароўным куфэрку

Абноўленай сустрэла сваіх вучняў Дубраўская сярэдняя школа. Добры касметычны рамонт тут быў зроблены ў многіх навучальных кабінетах, у трэнажорнай зале, у гардэробах. Быў прыведзены ў парадак харчаблок, дзе з’явілася новае абсталяванне. Школа поўнасцю падрыхтавалася да пачатку новага навучальнага года. Да вучобы 1 верасня тут прыступіла 92 вучня.
Павіншаваць з Днём ведаў школьнікаў, іх педагогаў і бацькоў прыйшлі намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Наталля Чарнышова, старшыня Дубраўскага сельскага выканаўчага камітэта Алена Сыцэвіч, дэпутат раённага Савета дэпутатаў Леанід Філановіч.
Галоўнымі героямі свята сталі перша-класнікі, якіх у гэтым годзе сем. На ўрачыстай лінейцы ім быў уручаны чароўны куфэрак з падарункамі і пажаданнямі. Адкрылі яго на першым уроку, тэма якога, як і ва ўсёй краіне, гучала так: «Мне выпала шчасце тут нарадзіцца…». Вучні разам са сваёй першай настаўніцай Таццянай Шынкарэвіч, гасцямі Наталляй Чарнышовай і Леанідам Філановічам адправіліся ў завочнае падарожжа па цікавых мясцінах Беларусі, крайняй кропкай якога стала малая радзіма — Дубраўка. Хлопчыкі і дзяўчынкі размаўлялі аб гісторыі свайго пасёлка, аб прадпрыемствах, на якіх працуюць іх бацькі.
Адкрыўся клас аграрны

У ліку гасцей, што прысутнічалі ў Пухавіцкай сярэдняй школе на свяце, прысвечаным пачатку новага навучальнага года, былі рэктар Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Святлана Сітнікава, намеснік начальніка Мінскага абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Вячаслаў Паўтарака.
Святлана Уладзіміраўна Сітнікава павіншавала вучняў і настаўнікаў з Днём ведаў і ўручыла дыплом I ступені вучаніцы 7 класа Марыі Савасцюк за перамогу ў дыстанцыйнай алімпія-дзе па вучэбным прадмеце “Геаграфія”.
Гэты навучальны год для Пухавіцкай сярэдняй школы ўжо стаў адметным: тут адкрыўся клас аграрнага профілю. Юнакі і дзяўчаты, якія выбралі для сябе вучобу ў гэтым класе, таксама прымалі асаблівыя віншаванні.
Пра бяспеку раскажуць малюнкі

Больш за 260 вучняў спяшаліся ў першы восеньскі дзень на ўрачыстую лінейку ў Праўдзінскую сярэднюю школу. У цэнтры ўвагі, канешне, былі першакласнікі: 28 хлопчыкаў і дзяўчынак упершыню селі за парты. У вандроўку пад назвай “школьнае жыццё” з імі накіраваліся настаўнікі Іна Блошак і Аляксандра Байкова.

Аляксандра Байкова — малады спецыяліст. Яна скончыла Полацкі педагагічны каледж і з вучнямі 1 “Б” класа толькі пачынае свой прафесійны шлях.
— Наша школа стала першым месцам працы для яшчэ двух маладых настаўнікаў. Анастасія Шукеловіч-Крэсцініна, таксама выпускніца Полацкага педагагічнага каледжа, стала класным кіраўніком у вучняў 2 класа. Уладзіслаў Рандаман — малады настаўнік фізічнай культуры і здароўя. Ён прыехаў да нас пасля заканчэння Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа, — расказвае дырэктар школы Ірына Марцінчык. — Усе маладыя спецыялісты падаюць надзеі на паспяховую працу. Мы зробім усё магчымае, каб ім спадабалася ў нашым калектыве.
На ўрачыстую лінейку прыехалі шматлікія госці. Старшыня Праўдзінскага пасялковага Савета Уладзімір Губарэвіч, дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Пухавіцкага раёна Дзяніс Матусевіч, настаяцель Свята-Міхайлаўскага прыхода іерэй Віталій Ратнікаў, загадчыца Праўдзінскага яслі-сада Тамара Калач пажадалі ўсім вучням пастаянна папаўняць свае веды, быць цікаўнымі і актыўнымі.
За час летніх канікул Праўдзінская школа прыкметна змянілася. Зроблены рамонт у калідоры на першым паверсе, адрамантаваны харчблок у сталовай. Гэтыя перамены сваімі сіламі ажыццявілі тэхнічны персанал і бацькі.
Яшчэ адна навінка, якая звяртае ўвагу дзяцей і дарослых, — сцяна з малюнкамі на тэму пажарнай бяспекі. Іх намалявалі выпускнікі школы Юлія Лявонцьева і Аляксандра Рысявец, якія цяпер прыводзяць у школу сваіх дзяцей. Правілы паводзін у надзвычайных сітуацыях і тэлефоны службы выратавання карысна ведаць з дзяцінства.
— Гэтыя малюнкі нашы настаўнікі будуць выкарыстоўваць як наглядны дыдактычны матэрыял на занятках па бяспецы жыцця-дзейнасці, — працягвае дырэктар школы. — Ідэю нам удалося рэалізаваць пры дапамозе Пухавіцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.
Галоўны спецыяліст Пухавіцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Антон Лашук, таксама выпускнік Праўдзінскай школы, павіншаваў самых маленькіх вучняў з Днём ведаў (на здымку). У падарунак перша-класнікам — тэматычныя размалёўкі і іншая наглядная прадукцыя. Паспяховага і бяспечнага навучальнага года, дарагія перша-класнікі!
Ключ ад каледжа — у першакурснікаў

З урачыстай лінейкі пачаўся новы навучальны год у Мар’інагорскім аграрна-тэхнічным каледжы, у аўдыторыі якога прыйшло 783 навучэнцы, у тым ліку 206 першакурснікаў.
Па традыцыі, урачыстае мерапрыемства пачалося з вынасу сцяга ўстановы адукацыі і ўзняцця Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь. Даверылі гэтую ганаровую місію лепшым навучэнцам каледжа.
Затым прагучалі віншаванні ад дырэктара каледжа Дзяніса Зубенкі, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Уладзіслава Васільева. Пасля група вучняў адправілася да брацкага пахавання савецкіх воінаў, якія загінулі пры вызваленні раёна, каб ускласці кветкі і аддаць даніну памяці вызваліцелям: у каледжы ёсць традыцыя пачынаць і заканчваць навучальны год з такой цырымоніі.
Павіншаваць навучэнцаў і выкладчыкаў з Днём ведаў прыйшлі протаіерэй Аляксандр Цалкоў і матушка Ірына: каледж на працягу шэрагу гадоў цесна супрацоўнічае з Праваслаўнай царквой, і пачынаць новы навучальны год з малітвы — таксама добрая традыцыя.
Выканалі на лінейцы і яшчэ адзін традыцыйны рытуал: тыя, хто ў гэтым годзе заканчвае сваю вучобу, перадаюць сімвалічны ключ ад каледжа тым, хто толькі паступіў.
На ўрачыстай лінейцы прагучала нямала цёплых слоў і ў адрас выкладчыкаў. За поспехі ў працы ўзнагароды ад упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама атрымалі намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Аляксандр Дземідзюк і настаўнік гісторыі Вадзім Кушняроў. Былі падведзены вынікі конкурсаў на лепшае аддзяленне, лепшую акадэмічную групу, цыклавую камісію. У ліку лепшых выкладчыкаў былі названы Алена Свірыдава, Леанарда Сасіновіч, Уладзіслаў Фіневіч. Граматы за шматгадовую і плённую працу ўручаны Зінаідзе Грыц, Галіне Усцінчык, Уладзіміру Кулыбе, Алене Канаш, Алене Арцем’евай.
Атрымалі ўзнагароды і лепшыя навучэнцы.

Андрэй  МАЗАНІК.

Наталля ПАРХОМЧЫК.

Кацярына  ВЕРНІКОЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *