Убіраць салодкія караняплоды пачалі ў ААТ “Племянны завод “Індустрыя”

Механізатар Сяргей Каратаеў.

Магутныя буракаўборачныя камбайны на палях Пухавіччыны — карціна ўжо не дзіўная: другі год некаторыя гаспадаркі раёна займаюцца вырошчваннем цукровых буракоў. Першымі сёлета ўбіраць салодкія караняплоды пачалі ў ААТ “Племянны завод “Індустрыя”. 

Пад гэтую культуру ў гаспадарцы адвялі 250 гектараў: на 85 гектараў больш, чым летась. На ўборцы гэтай плошчы задзейнічаны адзін камбайн, які працуе ў дзве змены. Гэта тэхніка належыць  ААТ  “Слуцкі цукроварафінадны камбінат”.

Спачатку салодкія карані ссыпаюцца ў бурты. Затым аўтамабілі, якія па дамове наймае гэты ж камбінат, адвозяць караняплоды на перапрацоўку ў Слуцк. На раніцу аўторка ў гаспадарцы ўбрана 170 гектараў і сабрана 8500 тон цукровых буракоў.

—  Паралельна  выконваем дзяржзаказ. Дзяржаве мы павінны прадаць 3400 тон буракоў.  Ужо здадзена больш за 2600 тон, — расказвае галоўны аграном Віктар Коршунаў.

Механізатар Мікалай Гулякевіч.

Амаль безупынна на палях працуюць два “Амкадоры”. Па дагаворы найму ўбіраць ураджай гаспадарцы дапамагаюць Сяргей  Каратаеў з СУП “Сварог-Агра” і індывідуальны прадпрымальнік Мікалай Гулякевіч, які самастойна кіруе пагрузчыкам. Сяргей Віктаравіч з цукровымі буракамі працуе ўпершыню. Мікалая Мікалаевіча сельгаспрадпрыемства запрасіла на  дапамогу другі год. Вадзіцелі пагрузчыкаў хутка спраўляюцца са сваімі абавязкамі, стараюцца не дапускаць вялікіх чэргаў з аўтамабіляў.

Важнае значэнне для добрага ўраджаю салодкіх каранёў маюць не толькі строгае захоўванне тэхналогіі і пастаянны клопат пра культуру, але і ўмовы надвор’я. Цукровыя буракі вельмі патрабавальныя да святла, вільгаці і цяпла. У гэтым годзе іх пачатковая стадыя росту прыйшлася на засуху. Дажджы пачаліся не ў самую спрыяльную пару для буракоў. Пакуль ураджайнасць караняплодаў складае 500 цэнтнераў з гектара (ніжэй, чым летась). Аднак, як падкрэсліў галоўны аграном, гэта лічба прамежкавая. Канчатковая інфармацыя будзе вядома пасля вывазу буракоў на камбінат.

У гэтым годзе на палях шасці гаспадарак раёна растуць цукровыя буракі.  Аб’ёмы і плошчы  на будучы год будуць залежаць ад рэнтабельнасці і кошту за салодкія караняплоды, якую сельгасарганізацыям прапануе Слуцкі цукроварафінадны камбінат.

Кацярына  ВЕРНІКОЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *