Малады ветфельчар робіць першыя крокі ў прафесію
Да працоўных будняў ветфельчара прывыкае выпускнік Смілавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа Ілья Цімошчанка. Маладога чалавека мы сустрэлі на МТК “Зазерка”. Гледзячы на яго клапатлівыя адносіны да цялят, склалася ўражанне, што Ілья з дзяцінства побач з жывёлай. Аднак у здагадках я памылілася.
— Сам я з Мінска, але цяпер з задавальненнем жыву і працую ў сельскай мясцовасці, — пачынае размову Ілья Цімошчанка. — Сталіцу я люблю, але і тут, у Зазерцы, мне падабаецца. Людзі тут шчырыя, простыя. Кіраўніцтва гаспадаркі выдзеліла жыллё, ёсць усе умовы для жыцця і працы.
Спачатку малады чалавек хацеў быць урачом хуткай дапамогі. Пасля зацікавіўся ветэрынарыяй і паступіў у каледж на гэтую спецыяльнасць. Атрыманыя за тры гады веды цяпер прымяняе на практыцы. Старэйшыя калегі дапамагаюць, калі ўзнікае такая неабходнасць.
— З жывёлай складаней працаваць, чым з людзьмі, бо яна не можа сказаць, дзе баліць, — працягвае Ілья. — Я люблю жывёлу, інакш тут працаваць не бу-дзеш. Планую паступіць ва ўніверсітэт і атрымаць вышэйшую адукацыю.
Пакуль “выхаванцы” маладога ветфельчара жывуць у асобных доміках. Праз некаторы час на тэрыторыі малочнатаварнага комплексу пабудуюць цялятнік. Зімаваць цяляты будуць у камфортных умовах.
Кароў у ААТ “Зазерка” ўжо перавялі на зімні рацыён. Кругласутачны выпас замянілі дзённыя прагулкі, сакавітыя травы на пашы — кормасумесь. Цяпер у кармушках свежая люцэрна і сянаж з дабаўленнем канцэнтратаў. Усё, што адбываецца ў жывёлагадоўлі, цікава маладому спецыялісту. Бо, як вядома, веды лішнімі не будуць.
Кацярына ДАБРЫЦКАЯ.