Аператар зернесушыльнай устаноўкі Аляксандр Хадыка з ААТ “Голацк” — сярод лепшых у раёне па выніках жніва

Праз зернетакі за сезон праходзяць тысячы тон збожжа. Перад людзьмі, якія там працуюць, стаіць адказная задача: зберагчы ўраджай, дзеля якога цэлы год шчыравалі хлебаробы.

Аператар зернесушыльнай устаноўкі КЗСВ-30 ААТ “Голацк” Аляксандр Хадыка штогод сярод лепшых у раёне. Сёлета на яго рахунку 7711 тон. Гэта першы вынік у раёне і  трэці ў вобласці. У суботу Аляксандр Іванавіч  будзе прадстаўляць Пухавіччыну на абласных “Дажынках” у Мядзелі.

Аляксандр Хадыка прыйшоў у гаспадарку ў 2002 годзе. Працуе ён вартаўніком на мехмайстэрні, але ўжо больш за дзесяць гадоў падчас  гарачага сезона жніва задзейнічаны на зернетаку.

— Гэты зернесушыльны комплекс высушвае 30 тон збожжа за гадзіну.  Устаноўка моцная і надзейная.  Сёлета не падвяла, працавала кругласутачна, — расказвае Аляксандр Іванавіч. — Напярэдадні сезона мы з калегамі самастойна займаліся рамонтам абсталявання.

Аляксандр Хадыка пад-крэсліў, што вынік яго працы залежыць ад работы ўсёй каманды земляробаў. Падрыхтоўка глебы, сяўба, унясенне ўдабрэнняў і ўборка збожжавых — кожны механізатар прыклаў свае намаганні дзеля высокага намалоту. Дарэчы, гаспадарка штогод па гэтых паказчыках з’яўляецца адным з лідараў у раёне. Сёлета засекі сельгасарганізацыі папоўніліся 8370 тонамі збожжа новага ўраджаю.

Аляксандр Іванавіч працягвае працоўную дынастыю ў ААТ “Голацк”. Яго бацька быў спачатку вадзіцелем, пасля жывёлаводам. Маці ўсё жыццё працавала аператарам машыннага даення.

— Гэта старанны, адказны  і добрасумленны чалавек, якому можна даверыць любую работу, — гаворыць пра Аляксандра Хадыку старшыня прафсаюзнага камітэта гаспадаркі Зоя Кікаць. — Падчас унясення вадкіх азотных удабрэнняў КАС ён працуе аператарам мотапомпы.

Сезон работы на ЗСК для Аляксандра Хадыкі яшчэ не скончаны. Цяпер ён дапрацоўвае да патрэбнай кандыцыі зерне кукурузы.

Кацярына ДАБРЫЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *