Старшыня райвыканкама Сяргей Ленкавец правёў прыём грамадзян у аграгарадку Вецярэвічы

Вясковыя людзі  ў многіх пытаннях больш цярплівыя, чым гараджане. Гэта адчуваецца кожны раз, калі прыём грамадзян праводзіць старшыня раённага выканаўчага камітэта Сяргей Ленкавец. Жыхары сталіцы, у асноўным дачнікі, гатовы перакласці на мясцовую ўладу не толькі агульныя, але і свае асабістыя клопаты. На думку некаторых, ім усе і ўсё абавязаны. Вяскоўцы, як правіла, прыходзяць са сваёй праблемай да старшыні райвыканкама, калі ўжо, як кажуць, набалела.

На мінулым тыдні Сяргей Дзмітрыевіч праводзіў прыём грамадзян у аграгарадку Вецярэвічы. Са сваімі пытаннямі да кіраўніка раёна прыйшлі пяцёра чалавек, і  гаварылі яны пра адны і тыя ж праблемы.

Адна з галоўных — якасць вады. І  скардзяцца па гэтым пытанні вяскоўцы не першы раз. Дырэктар УП “Жылцепласэрвіс“ КГ Пухавіцкага раёна Іосіф Кучко расказаў, што сёлета ў Вецярэвічах камунальнікі тройчы прамывалі  вода-праводныя трубы. Аднак людзі лічаць, што праблема застаецца. Сяргей Дзмітрыевіч растлумачыў,  што  яна  існуе і ў іншых населеных пунктах раёна, і вырашыць яе не так проста. Ён даручыў дырэктару камунальнага прадпрыемства  да  10 кастрычніка правесці прамыўку труб яшчэ раз у прысутнасці жыхароў вёскі, якія сумняваюцца ў якасці раней праведзеных работ.

Да 15 кастрычніка неабходна прывесці ў парадак вуліцу, на якой у мінулым  годзе  было пашкоджана асфальтавае пакрыццё ў час пракладкі водаправода. Старшыня райвыканкама засяродзіў увагу на тым, што гэтыя работы трэба было выканаць своечасова, а не чакаць, пакуль людзі пачнуць скардзіцца.

Шмат нараканняў у жыхароў вёскі выклікае  магазін раённага спажывецкага таварыства. Людзі гаварылі, што там  вельмі малы асартымент тавараў,  няма самага неабходнага: цукру, запалак. Амаль год не паступаюць у продаж цыгарэты.

Сяргей Дзмітрыевіч наведаў магазін. З-за абмежаванай колькасці тавараў  яго перагарадзілі, плошчу зменшылі ўдвая. І гэта не здзіўляе, бо  магазін і зараз  выглядае пустым. На паліцах невялікая колькасць прамысловых і гаспадарчых тавараў. Сапраўды, у продажы адсутнічалі запалкі і цукар.  Людзі гаварылі аб тым, што не заўсёды можна купіць хлеб. Затое  вяскоўцам прапаноў-валі цыбулю, буракі, капусту, моркву, часнок, —  тое, што ёсць практычна ў кожным агародзе. І ў гэтым  віна не   прадаўца, які з’яўляецца маладым спецыялістам. Раённае спажывецкае таварыства недапрацоўвае ў забеспячэнні  таварамі сваіх магазінаў, якіх, дарэчы, у раёне засталося ўсяго 15. А ў былыя часы было больш за сотню!

Старшыня райвыканкама даручыў кіраўніцтву раённага спажывецкага таварыства  звярнуць увагу на стан  вясковых магазінаў  і прыняць меры па забеспячэнні іх таварамі.

Існуе ў Вецярэвічах і праблема банкаўскага абслугоўвання. Гэтыя функцыі перададзены паштоваму аддзяленню, якое працуе  палову дня. Не заўсёды можна атрымаць грошы па банкаўскай картцы. Гэта пытанне было ўзята на кантроль.

Праводзячы прыёмы грамадзян  ў сельскіх населеных пунктах, старшыня райвыканкама заўсёды знаёміцца з работай прадпрыемстваў і арганізацый, устаноў сацыяльнай сферы.  У Вецярэвічах ён наведаў мясцовую школу і дзіцячы сад, пагутарыў з педагогамі,  тэхнічнымі работнікамі. Сяргей Дзмітрыевіч  адзначыў, што ўстановы адукацыі  прыведзены ў парадак, аднак тут існуе адна вялікая, характэрная для многіх сельскіх населеных пунктаў праблема: скарачаецца колькасць вучняў і выхаванцаў дзіцячых дашкольных устаноў.  У школе ў Вецярэвічах зараз 46 вучняў, пры тым, што яна  разлічана больш як на 300 месцаў, у дзіцячым садку — 19 дзяцей.  І, магчыма, дзіцячы садок у перспектыве  будзе працаваць пад дахам школы.

Вольга  САВАСЦЮК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *