Заняў трэцяе месца  па  выніках жніва сярод маладых вадзіцеляў

Завяршаецца  падрыхтоўка  да  раённага  фестывалю-кірмашу “Дажынкі-2018”, які  пройдзе ў  Голацку ўжо ў  наступную суботу. Узнагароды атрымаюць дзясяткі чалавек, якія вызначыліся на розных відах работ. На  сцэну  выйдзе і Андрэй Яноўскі (на здымку) з  ПСУ  “Рудзенскае” УП  “Мінскметрабуд”  — ён заняў трэцяе месца  па  выніках жніва сярод маладых вадзіцеляў.

Андрэй  Анатольевіч — вадзіцель УП “Мінскметрабуд”, але ўжо дзявяты год з вясны да восені яго камандзіруюць у гаспадарку. Малады чалавек, можна сказаць, стаў членам калектыву. На жніве адвозіў збожжа ад розных камбайнаў. Падчас сяўбы папярэднія гады падвозіў насенне Ігару Блашко, сёлета працаваў у звяне з Паўлам Крывашэевым.

— Асабіста мне ў сельгасарганізацыі цікавей працаваць. Падвоз насення, адвозка зялёнай  масы ці збожжа з палёў, камандзіроўкі па вобласці — праца  рознабаковая.  Да таго ж Мінск і наш пасёлак  не  параўнаць па колькасці машын: тут кіраваць аўтамабілем значна прасцей, — расказвае  Андрэй Яноўскі. — Я вырас у сталіцы.  Нядаўна з жонкай купілі дом у Рудзенску і цяпер жывём тут. Атрымліваецца, што мае сезонныя камандзіроўкі  праходзяць каля дома.

У прафесію малады чалавек прыйшоў па прыкладзе бацькі. Ён   навучыў  сына  кіраваць аўтамабілем.

У мінулым годзе Андрэй Яноўскі стаў лепшым вадзіцелем гаспадаркі. Сёлета паўтарыў свой поспех і стаў прызёрам  раённага спаборніцтва. На сваім МАЗ-555102 ён перавёз 1387 тон збожжа.  Машыну Андрэй Анатольевіч атрымліваў практычна новай, з  тых  часоў  нязменна  працуе  на ёй. Якасны догляд за  тэхнікай дае свой вынік.

— Пасяўную кампанію азімых збожжавых на гэтым тыдні мы завяршылі, — працягвае субяседнік. — Сезон масавых палявых работ таксама на фінішы.  Прыемна, што ў агульным поспеху  нашай  гаспадаркі ёсць і мой уклад.

Кацярына  ДАБРЫЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *