Пухавіцкі раён па выніках жніва выйшаў на другое месца ў вобласці

Старшыня Мінскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка ўручае ўзнагароду старшыні Пухавіцкага райвыканкама Сяргею Ленкаўцу.

У  дзень правядзення абласнога фестывалю-кірмашу «Дажынкі-2018» у Мядзеле  панаваў  святочны  настрой.  Цэнтральныя вуліцы горада ператварыліся ў адну   вялікую  фестывальную  пляцоўку.  Жыхары горада і раёна віталі  ўдзельнікаў  святочнага мерапрыемства. У Мядзел прыехалі дэлегацыі з усіх куткоў Міншчыны, у тым ліку і з  нашага  раёна. Кожную гасцінна сустракалі караваем і вясёлымі песнямі  самадзейныя  артысты.  Музыка і песні гучалі ўсюды. А колькі цікавага можна было ўбачыць на фестывальных вуліцах і пляцоўках!

Пухавіцкі каравай.

Гандлёвыя рады  здзіўлялі асартыментам  тавараў.  Прадставілі сваю прадукцыю буйныя прадпрыемствы вобласці:  Слуцкі, Мінскі і Барысаўскі мясакамбінаты, Мінскі  малочны завод № 1, ААТ «Камунарка», хлебазаводы Міншчыны і іншыя  прадпрыемствы. Жадаючых набыць прадукцыю было нямала. Тым больш, што і запрашалі  да сваіх палатак прадстаўнікі прадпрыемстваў  вельмі актыўна. У многіх  людзей  засталіся на памяць фотаздымкі з цікавымі  персанажамі і ў прыгожых фотазонах. На дзвюх сцэнічных пляцоўках  на працягу ўсяго дня  выступалі мастацкія  калектывы Міншчыны. Прадставілі свае  работы тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, навучальныя ўстановы  розных раёнаў. Прыемна было зазірнуць на   падворак  Мар’інагорскага аграрна-тэхнічнага каледжа. На памяць аб фестывалі засталіся магніты з выявай  Мядзела, якія можна было набыць на выставе тэрытарыяльнага  цэнтра сацыяльнага абслугоўвання  насельніцтва Пухавіцкага раёна. Карысталася попытам і прадукцыя Пухавіцкага камбіната бытавога абслугоўвання. Кіраўнікі і спецыялісты  сельгаспрадпрыемстваў вельмі зацікавіліся  папонамі для маленькіх цялятак, якія прапаноўвалі пухавіччане.

Дэлегацыя нашага раёна.

У жыхароў і  гасцей  Мядзела была  магчымасць наведаць   выставы.  Фотапраект «З гісторыі «Дажынак» на Мiншчыне» прадставіў   фотаздымкі хронікі правядзення фестываляў-кірмашоў з 1998 па 2017 год.

Радаваў і па-добраму здзіўляў “Горад майстроў”.  Якія ж  таленавітыя  людзі  жывуць   у  цэнтральным  рэгіёне  краіны!

Адным   з  галоўных  мерапрыемстваў   праграмы    стала святочнае шэсце “Шлях да хлеба”, у якім прынялі ўдзел  дэлегацыі і  самадзейныя артысты ўсіх раёнаў. Шчыра віталі жыхары Мядзела пухавіччан.  Пад  гукі  духавога аркестра прыгожай калонай  прайшлі  кіраўнікі нашага раёна, працаўнікі сельгаспрадпрыемстваў. Работнікі культуры падрыхтавалі  цікавае  тэматычнае шэсце, на якім галоўным героем быў вялікі  каравай.

У амфітэатры на беразе возера   Мястра адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў сёлетняга жніва.

Старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта  Анатоль  Ісачанка  адзначыў вялікую работу, якая была праведзена ў Мядзеле  за час падрыхтоўкі  горада да свята.  «Хочацца падзякаваць за праведзеную работу раённым уладам і жыхарам Мядзела. Дзякуючы вашым намаганням ён змяніўся ў камфортны для пражывання і прывабны для турыстаў горад, а мы атрымалі  магчымасць  акунуцца ў  атмасферу  свята», —  сказаў Анатоль  Ісачанка.

«У гэтым годзе неспрыяльныя ўмовы надвор’я значна  паўплывалі  на  ўраджайнасць збожжавых культур, нам не ўдалося дасягнуць леташніх  вынікаў.  Аднак  Мінская  вобласць ўтрымлівае статус асноўнай   жытніцы  краіны  і   надзейнага пастаўшчыка прадуктаў харчавання для жыхароў сталіцы і іншых рэгіёнаў. Перш за ўсё, гэта заслуга нашых працавітых людзей: спецыялістаў сельгасарганізацый, камбайнераў, вадзіцеляў, тых, хто працаваў на сушцы збожжа, рыхтаваў абеды для ўдзельнікаў жніва», — падкрэсліў ён.

Па   выніках  спаборніцтва  лідарам на ўборцы ўжо другі год запар з’яўляецца Дзяржынскі раён, другое і трэцяе месца занялі адпаведна Пухавіцкі і Мінскі раёны.

Анатоль   Міхайлавіч  падзякаваў за старанную працу працаўнікам вёскі, студэнтам,  шэфам,  работнікам  гандлю,  грамадскага харчавання,  культуры,  сем’ям  хлебаробаў, ветэранам сельскагаспадарчай  галіны, усім,  хто  ўнёс свой уклад у жніво-2018.

На выставе ДУ «Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання Пухавіцкага раёна».

Прадукцыя Пухавіцкага камбіната бытавога абслугоўвання.

Як абяцалі раней, на гэтым свяце былі названы і  пераможцы абласнога этапу конкурсу «Уладар сяла». Гэта сям’я  Шуціла  з Клецкага раёна. Яна будзе прадстаўляць сталічны рэгіён на рэспубліканскім этапе праекта ў Слуцку.

Віншаванні і падарункі ў гэты дзень прымалі сямейныя дынастыі, якія выбралі для сябе працу на зямлі, моладзь, кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў.

Агульным падарункам для ўсіх  удзельнікаў свята стаў канцэрт зорак  беларускай эстрады  і самадзейных   калектываў  Міншчыны.

Эстафету святкавання абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі» Мядзел перадаў Барысаву.

Вольга   САВАСЦЮК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *