Запрасілі дзяцей у свет кніг

Ці запісаны вы ў бібліятэку?  Як даўно вы прачыталі якую-небудзь кнігу?  Ці ёсць у вашым доме хатняя бібліятэка і як часта яна запатрабавана членамі сям’і?  Паспрабуйце адказаць станоўча на гэтыя простыя пытанні.  Упэўнена, што не ў многіх гэта атрымаецца.  Тлумачэнняў таму, што пра чытанне думаць няма часу, знойдзецца нямала.  І ў першую чаргу хтосьці абавязкова скажа, што кнігі сёння цалкам замяняе сабой тэлебачанне і камп’ютар.

Так, свет наш  змяніўся. Чалавека з кнігай у руцэ сёння ўбачыць няпроста. Але паверце пакаленню, якое вырасла на чытанні самых сапраўдных (папяровых) кніг, мы толькі губляем ад таго. Чытанне павінна быць часткай жыцця, таму што яно адкрывае нам асаблівы свет, поўны эмоцый, пачуццяў, новых ведаў.

— Каб гэта адчуць, трэба ўзяць у рукі кнігу, — упэўнена Вікторыя Бурлачэнка, загадчыца Мар’інагорскай гарадской бібліятэкі. — Таму мы, работнікі бібліятэк, стараемся прыцягнуць дзяцей да чытання, запрасіць у свет кніг, выхаваць любоў да іх.

 З пачаткам навучальнага года ў бібліятэцы Новай Зары прайшло ўжо некалькі мерапрыемстваў, на якія запрашалі школьнікаў.  Адно з апошніх арганізавалі для дзяцей з SOS-Дзіцячая вёска.  Увазе маленькіх была прапанавана казка на стале “Чаму вожык мае іголкі”, пасля якой дзеці адказвалі на пытанні і атрымлівалі падарункі.  Яшчэ хлопчыкі і дзўчынкі пазнаёміліся з бібліятэчным фондам, патрымалі ў руках самую вялікую ў бібліятэцы энцыклапедыю, у якой аж 2000 старонак, а таксама самыя маленькія кнігі-малюткі з вершамі Купалы і Коласа.

Для старэйшых школьнікаў арганізавалі квэст-гульню, падчас якой трэба было праявіць свае веды і знайсці рарытэтныя кнігі, якія таксама ёсць у гарадской бібліятэцы. Гэтым кнігам больш за 70 гадоў.

—  Дзякуючы такой культурна-масавай рабоце, мы запрашаем дзяцей у свет кніг, — кажа Вікторыя Віктараўна. — І, прыемна адзначыць, не губляем нашых  чытачоў. Зараз, напрыклад, гарадскую бібліятэку наведвае больш за 1200 дзяцей. Пасля гэтых мерапрыемстваў у бібліятэкі з’явіліся новыя чытачы.

Алена   ІВАНОВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *