Калі сям’я і школа — паняцці неразрыўныя
Мне здаецца, знайсці дырэктара школы, чый стаж на пасадзе кіраўніка педагагічнага калектыву практычна цалкам супадаў бы са стажам працы педагогам, не так проста. Але ў мяне атрымалася. Дырэктар Турынскай базавай школы-дзіцячага сада Аляксандр Клімец быў прызначаны дырэктарам літаральна праз год пасля заканчэння педагагічнага інстытута. Праўда, кіраваў тады малады настаўнік фізікі школай у родным яму Салігорскім раёне. Менавіта адтуль неўзабаве перавёўся на Пухавіччыну, каб узначаліць Турынскую школу. Пераехаў разам з жонкай Кацярынай Мікалаеўнай (на здымку), педагогам-матэматыкам. З тых часоў для членаў гэтай педагагічнай сям’і нічога не змянілася: ужо больш за 30 гадоў яны працуюць і жывуць у Турыне, які стаў для абодвух другой радзімай.
— Уявіць сябе дзесьці ў іншым месцы я ўжо не магу: тут наш дом, тут выгадаваліся нашы дзеці, — прызнаецца Аляксандр Іванавіч.— Так і не ўяўляю сябе ў іншай прафесіі. Я вельмі люблю дзяцей, люблю бачыць вынік сваёй працы, радуючыся таму, што змог іх чамусьці навучыць. Калі шчыра, то самыя цяжкія для мяне дні — дні канікул. Я сумую, калі школьныя калідоры пустыя. Хаця працы ў дырэктара мала не бывае: акрамя непасрэдна прадметных, ёсць яшчэ шмат гаспадарчых клопатаў.
Напрыклад, звязаных з падрыхтоўкай да навучальнага года. Нягледзячы на тое, што Турынская школа перажыла капітальны рамонт усяго 10 гадоў таму, бягучыя рамонты застаюцца неабходнымі. У гэтым годзе адрамантавалі тры класы, замяніўшы шпалеры на тынкоўку (так, мяркуюць, больш сучасна), і былі адзначаны за ўсю работу, што зрабілі ўлетку.
— Галоўнае для любога педагога — даць добрыя веды дзецям, — упэўнены Аляксандр Іванавіч, які выкладае фізіку. — Нашы педагогі заўсёды нядрэнна спраўляліся са сваёй задачай, і дзеці паспяхова паступалі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Я асабіста ганаруся тым, што многія выпускнікі сталі інжынерамі. Зараз, праўда, наша школа — базавая, і дзеці завяршаюць сваё навучанне ў іншых навучальных установах. Але ж закласці неабходную аснову не менш важна. І мы стараемся зрабіць усё магчымае, каб нашы вучні не толькі засвоілі праграму, але і ўдзельнічалі ў алімпіядах, навукова-практычных канферэнцыях, іншых конкурсах. Сельская школа павінна даваць роўныя магчымасці.
З гэтым абсалютна згодна і Кацярына Мікалаеўна Клімец, настаўнік вышэйшай катэгорыі. Яна ўпэўнена, што няма дзяцей, якіх нельга навучыць. Проста камусьці трэба больш часу на засваенне матэрыялу. І гэтага часу настаўнік ніколі не шкадуе. Дзеці ведаюць, што займацца з імі будуць столькі, колькі трэба.
Кацярына Мікалаеўна таксама не ўяўляе для сябе іншай прафесіі. Ды і выбару ў яе, напэўна, не было, бо ў радні гэта, бадай, самая папулярная прафесія. Яшчэ дзед Кацярыны Мікалаеўны, не маючы ніякай педадукацыі, вучыў сельскіх дзетак. Педагогамі працуюць і дзве родныя сястры.
— Гэта асаблівая прафесія. І яна не для кожнага, — кажуць Аляксандр Іванавіч і Кацярына Мікалаеўна. — Можна быць суперінтэлектуальным чалавекам, але не быць настаўнікам. Калі ты не можаш працаваць з дзецьмі, табе ў школе не месца. Але калі ты не ў стане дня пражыць без дзіцячых пытанняў, без дзіцячых дапытлівых вачэй — гэта твая справа. І дзеці першыя, хто гэта разумее. Іх нельга падмануць. Яны заўсёды адчуюць няшчырасць. І выставяць сваю адзнаку… Таму не кожны спецыяліст з дыпломам застаецца ў прафесіі.
У Турынскай школе, акрамя фізіка-матэматычнага тандэму, працуе яшчэ адна сям’я педагогаў. Анатоль Фёдаравіч Тужыкаў выкладае гісторыю, а яго жонка Тамара Аляксандраўна — працоўнае навучанне. А яшчэ адказвае за школьную бібліятэку.
Анатоль Фёдаравіч лічыць настаўніцкую прафесію наканаванай Богам. Без яе хіба можна ўявіць наша грамадства? Вучыць дзяцей для яго — гэта творчае задавальненне. Гэта лепшае, што можа быць у жыцці. Галоўнае — кіравацца правілам, якое для настаўніка, як і для лекара, адно: не нашкодзіць, бо педагогі не толькі даюць веды, але шмат робяць і для выхавання асобы. А гэта ўжо больш тонкія матэрыі.
З тым, што без любові да дзяцей не можа быць настаўніка, цалкам згодна і Тамара Аляксандраўна, якая ў прафесію прыйшла следам за мужам. Напэўна, гэта і правільна, таму што педагогу цяжка пакінуць школьныя пытанні і праблемы за парогам школы: як ні намагайся, а дома размова аб працы непазбежна. І двум настаўнікам лягчэй зразумець, чаму так адбываецца.
— Наша прафесія цалкам складаецца са зносін з людзьмі, — кажа дырэктар Турынскай школы Аляксандр Клімец. — Гэта асабліва адчуваецца ў невялікай сельскай школе, дзе мы (настаўнікі, дзеці, іх бацькі) жывём адной сям’ёй, таму што добра ведаем адзін аднаго. І, дарэчы, аўтарытэт настаўніка ў вёсцы значна вышэйшы. Гэта, безумоўна, і гонар для нас, і вялікая адказнасць. А таксама і ўсё наша жыццё…
Даведка: у школах Пухавіччыны працуе 29 сямейных пар педагогаў. Прыемна, што сярод іх ёсць не толькі ветэраны педагагічнай працы, але і моладзь.
Алена ШАНТЫКА.