Лепшы ў Пухавіцкім раёне асемянатар працуе на малочнатаварнай ферме “Крыніца” ПСУ “Рудзенскае”

Таццяна Моўчан і Алена Вараб’ёва.

Малочнатаварная ферма “Крыніца” ПСУ “Рудзенскае” ўнітарнага прадпрыемства “Мінскметрабуд” вызначаецца тым, што тут працуе лепшы ў раёне асемянатар Таццяна Моўчан. І наогул, калектыў, якім кіруе загадчыца фермы Алена Вараб’ёва, склаўся працаздольны: аператары машыннага даення  Ірына Ніканорава, Алена   Блашко,   Галіна   Крывашэева,   Таццяна Равуцкая, Кацярына Ладуцька;  жывёлаводы Васіль Мурашка, Андрэй  Рагатка; слесар Уладзімір Крывашэеў  і іншыя работнікі фермы  ставяцца да сваёй працы адказна.  У статку, які яны даглядаюць, 354  дойныя каровы. А наогул на ферме ўтрымліваецца  900 галоў буйной рагатай жывёлы  розных узростаў. Сярэдні надой вагаецца ў межах 15 літраў у дзень на адну карову. Перад жывёлаводамі стаіць задача дасягнуць паказчыкаў па  надоях малака  5 тысяч літраў ад кожнай каровы ў год. І яны лічаць, што гэта магчыма. Галоўнае — забяспечыць  належны догляд за жывёлай і ў летні перыяд, і ўзімку.

На МТФ “Крыніца” перайшлі да стойлавага ўтрымання жывёлы. Да гэтага адказнага перыяду рыхтаваліся загадзя.

— На ферме быў зроблены неабходны рамонт, — расказала Алена  Вараб’ёва. — Ва ўсіх памяшканнях  пабялілі  сцены. Прывялі ў парадак вокны. Пафарбавалі трубы. Таксама аднавілі фарбу на рашотках, брамах. Зрабілі неабходны рамонт лініі, па якой жывёлам падаецца вада.

Трэба дадаць, што ферма размешчана ў будынках даўняй пабудовы. Але дзякуючы намаганням тых, хто тут працуе, выглядаюць яны  нядрэнна.

Утульныя памяшканні — гэта важна. Але калі ідзе размова аб падрыхтоўцы да зімовага перыяду, у першую чаргу ўвага надаецца стварэнню кармавой базы, якая  дае магчымасць забяспечыць збалансаваны рацыён харчавання для жывёлы.

Як падкрэсліла Алена Анатольеўна, у гаспадарцы нарыхтавана дастаткова неабходных кармоў.   Жывёлы ўжо пачалі атрымоўваць патаку, якая дадаецца  да асноўнага рацыёну ў стойлавы перыяд. Ферма забяспечана ўсёй неабходнай для раздачы кармоў тэхнікай. На гэты час тут зроблена ўсё, што патрэбна для зімовага ўтрымання жывёлы.

Наталля   ПАРХОМЧЫК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *